Таксама на перамовах у Прыштыне быў стваральнік лічбавых плятформаў «Новая Беларусь» і «Голас» Павал Лібэр.
У сталіцу часткова прызнанай краіны беларускія палітыкі прыбылі на запрашэньне офісу прэзыдэнта, паведаміла прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай. Там яны сустрэліся з кіраўніком Офісу прэзыдэнта Косава Леартай Холай, віцэ-мэрам сталіцы Фларыянам Душы, прадстаўнікамі міністэрстваў унутраных і замежных справаў, прэзыдэнтам Гандлёвай палаты Косава, арганізацыяй Germin, якая працуе з дыяспарай, і амбасадарам Альбаніі ў Косаве.
«Косава мела пазытыўны досьвед выдачы пашпартоў для грамадзянаў без дакумэнтаў. Пашпарты Косава цяпер прызнаныя большасьцю краінаў сьвету», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
У сакавіку 2025 году каманда Ціханоўскай паведаміла пра спыненьне рэалізацыі праекту «пашпарту новай Беларусі» ў Літве і яго перанос у іншую краіну. Літоўскія ўлады заявілі, што ня будуць прызнаваць гэты пашпарт.
У Прыштыне бакі абмеркавалі таксама праграмы працаўладкаваньня для беларускіх журналістаў і блогераў у Косаве, падтрымку ІТ-сэктару і вывучэньне магчымасьцяў бізнэс-супрацы ва ўмовах рэлякацыі, праграмы навучаньня гуманітарнай бясьпецы і разьмінаваньню для беларускіх добраахвотнікаў, стварэньне міжпартыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь» у парлямэнце Косава і магчымасьць падпісаньня пагадненьня аб супрацы зь беларускімі дэмакратычнымі структурамі, абмен досьведам у працы з дыяспарамі.
Афіцыйны Менск — сярод прыкладна 60 краінаў, якія не прызнаюць незалежнасьці Рэспублікі Косава. Каля 120 дзяржаў лічаць яе незалежнай краінай. Косава ўтворана на тэрыторыі, якая, паводле Канстытуцыі Сэрбіі, уваходзіць у склад краіны як Аўтаномны край Косава і Мэтохія. Дэ-факта Бялград даўно не кантралюе Косава. Вялікія асяродкі сэрбаў жывуць толькі на поўначы гэтай часткова прызнанай краіны. Часта там пачынаюцца канфлікты паміж насельніцтвам і косаўскай паліцыяйі іншымі дзяржаўнымі органамі.
25 сьнежня 2024 году ў Бялградзе на сустрэчы з амбасадарам Беларусі Сяргеем Маліноўскім і кіраўніком дыпляматычнай місіі Расеі Аляксандрам Бацан-Харчанкам кіраўнік сэрбскага МЗС Марка Джурыч падкрэсьліў важнасьць падтрымкі з боку Менску і Масквы ў міжнародных арганізацыях, калі гаворка ідзе пра Аўтаномны край Косава і Мэтохія, успомніла агенцтва «Позірк».
Форум