У ноч радыкальных зьменаў у брытанскай палітыцы, адно ў сэрцы ўраду Вялікай Брытаніі 5 ліпеня засталося нязьменным — Лары, кот з Даўнінг-стрыт, піша агенцтва Reuters.
Бела-паласатага ката, які носіць афіцыйны тытул «Галоўны Мышалоў» у кабінэце міністраў Вялікай Брытаніі, 5 ліпеня заўважылі каля знакамітых глянцавых чорных дзьвярэй у нумар 10 — офісу, які ён зараз будзе дзяліць са сваім шостым прэмʼер-міністрам.
Лары пражывае ў рэзыдэнцыі брытанскай улады з 2011 году, калі пры тагачасным прэмʼер-міністры Дэвідзе Кэмэране яго «ўсынавілі» з найбліжэйшага прытулку для сабак і катоў. Пасьля Лары служыў пры прэмʼер-міністрах Тэрэзе Мэй, Борысе Джонсане, Ліз Трас і Рышы Сунаку ў пэрыяд праўленьня кансэрватараў.
У пятніцу яго апошні «сусед па хаце», лідэр Лейбарысцкай партыі Кір Стармэр, уступіў на пасаду прэмʼер-міністра, атрымаўшы пераканаўчую перамогу на выбарах у Вялікай Брытаніі.
Хоць Лары відавочна нікуды не падзенецца, неўзабаве ў яго можа зьявіцца кампанія: у Стармэра ёсьць кот па імені ДжоДжо, які, як чакаецца, далучыцца да Лары, піша агенцтва.
У «Галоўнага Мышалова» ў кабінэце міністраў Вялікай Брытаніі нават ёсьць свой акаўнт у сацыяльнай сетцы Х (былы Твітэр), яго вядуць ад імя ката.
Форум