Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будучы прэмʼер Брытаніі абяцае, што «зьмены пачнуцца зараз», але ня ў справе падтрымкі Ўкраіны


Лідэр Лейбарысцкай партыі і будучы прэм'ер Вялікай Брытаніі Кір Стармэр
Лідэр Лейбарысцкай партыі і будучы прэм'ер Вялікай Брытаніі Кір Стармэр

Лідэр Лейбарысцкай партыі Вялікай Брытаніі Кір Стармэр абвясьціў у Лёндане раніцай 5 ліпеня, што «зьмены пачнуцца зараз», пасьля таго, як яго партыя атрымала пераканаўчую перамогу і паклала канец 14-гадоваму праўленьню кансэрватараў на ўсеагульных выбарах у Злучаным Каралеўстве.

Хоць будучы прэмʼер-міністар Кір Стармэр і ягоная левацэнтрысцкая партыя паабяцалі сьвежы падыход да брытанскіх эканамічных праблем і крызісу кошту жыцьця ў краіне, яны не сыгналізавалі аб кардынальным разрыве з палітыкай папярэдняга ўрада, які аказваў магутную вайсковую і дыпляматычную падтрымку Ўкраіне ў яе барацьбе з расейскай агрэсіяй.

Лейбарысты намякнулі на больш прымірэнчы тон, чым іхныя папярэднікі-кансэрватары, у адносінах з Эўразьвязам, партыя зрабіла ўсё магчымае, каб запэўніць NATO і іншых саюзьнікаў, якія дапамагаюць Кіеву, што Лёндан і далей будзе разглядаць Расею як пагрозу для Эўропы.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўжо падзякаваў кансэрватарам і павіншаваў новы лейбарысцкі ўрад зь «пераканаўчай перамогай на выбарах».

Чакаецца, што Стармэр, 61-гадовы былы юрыст, які ўзначаліў лейбарыстаў чатыры гады таму, наведае Букінгемскі палац на працягу некалькіх гадзін, каб сустрэцца з каралём Карлам і пачаць сваю працу на пасадзе прэмʼер-міністра.

«Такі мандат накладвае вялікую адказнасьць», — сказаў Стармэр сваім прыхільнікам на досьвітку, калі перамога лейбарыстаў стала відавочнай.

Дэвід Ламі, які, як чакаецца, стане міністрам замежных спраў у лейбарысцкім урадзе Стармэра, заяўляў, што вяртаньне лейбарыстаў да ўлады пакладзе пачатак замежнай палітыцы «прагрэсіўнага рэалізму».

Але перазагрузка замежнай палітыкі, якую Ламі назваў сярод мэтаў лейбарыстаў, прадугледжвае аднаўленьне сувязяў з Эўропай, каб выправіць частку шкоды, прычыненай пасьля Brexit, барацьбу са зьмяненьнем клімату і больш агрэсіўнае ўзаемадзеяньне з краінамі Глябальнага Поўдня.

Што да абароны, то Стармэр і лейбарысты назвалі сваю прыхільнасьць вядучай ролі NATO ў трансатлянтычнай бясьпецы «няўхільнай».

Украіне лейбарысты паабяцалі «няўхільную» вайсковую, фінансавую, дыпляматычную і палітычную падтрымку. Маніфэст лейбарыстаў таксама заклікае дапамагчы Ўкраіне пракласьці шлях да сяброўства ў NATO.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG