У Вялікай Брытаніі на выбарах у Палату грамад перамагае апазыцыйная Лейбарысцкая партыя на чале з Кірам Стармэрам, піша «Бі-бі-сі».
Згодна з афіцыйнымі падлікамі, лейбарысты выйгралі ў 331 акрузе, што ўжо забясьпечвае ім большасьць у парлямэнце. Падлік галасоў па краіне яшчэ працягваецца.
Згодна з экзыт-полам, апублікаваным выданьнем адразу пасьля заканчэньня галасаваньня, лейбарысты могуць атрымаць 410 месцаў у 650-месным парлямэнце, кансэрватары — 131 месца. Лібэрал-дэмакраты ідуць трэцімі і могуць разьлічваць на 61 месца, правапапулісцкая партыя «Рэформа» Найджэла Фараджа — на 13 месцаў, Шатляндзкая нацыянальная партыя — на 10 месцаў, валійскія нацыяналісты — на чатыры месцы і партыя Зялёных Англіі і Ўэльсу — на два месцы.
Прэмʼер-міністрам краіны, хутчэй за ўсё, стане 61-гадовы Кір Стармэр.
«Перамены пачынаюцца проста тут, таму што гэта ваша дэмакратыя, ваша супольнасьць, ваша будучыня. Вы прагаласавалі. Цяпер прыйшоў час нам выконваць абяцаньні», — сказаў ён пасьля абʼяўленьня папярэдніх вынікаў.
Дзейны прэмʼер Рышы Сунак выйграў у сваёй акрузе. Пры гэтым ён прызнаў, што кансэрватары прайгралі.
«Брытанскі народ сёньня вынес выцьверажальны вэрдыкт, шмат чаму трэба навучыцца», — заявіў ён, дадаўшы, што бярэ на сябе «адказнасьць за паражэньне».
Пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў, Сунак, як чакаецца, адправіцца ў палац і паведаміць каралю Карлу III аб зьмене ўраду.
Першае пасяджэньне новага складу парлямэнту адбудзецца 9 ліпеня.
Лейбарысцкая партыя да гэтага выйгравала парлямэнцкія выбары ў 2005 годзе. Кансэрватыўная партыя пасьля гэтага перамагала чатыры разы запар, але, як адзначае выданьне, апошнія два гады яна саступала ў апытаньнях лейбарыстам. У траўні 2024 году Рышы Сунак, які ўзначаліў урад у кастрычніку 2022 году, прызначыў датэрміновыя выбары на 4 ліпеня. Па законе наступныя выбары павінны былі адбыцца ў студзені 2025 г., і да гэтага кансэрватары маглі заставацца ва ўладзе.