Эўразьвяз увёў дадатковыя абмежаваньні на экспарт некаторых аўтамабіляў і матацыклаў у Беларусь. Гэта вынікае з рэглямэнту Рады ЭЗ ад 29 чэрвеня 2024 году, заўважыла «Люстэрка».
У канцы чэрвеня Эўразьвяз увёў новыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на яе ўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны, паведамляецца на сайце Рады ЭЗ. Санкцыйныя абмежаваньні на экспарт аўтамабіляў у Беларусь зазналі зьмены, вынікае з дакумэнту.
Аўтатранспарт, які падпаў пад санкцыі, у новым дакумэнце праходзіць у пераліку прадметаў раскошы. Як указана ў санкцыйным пераліку, пад забаронай — транспартныя сродкі для перавозкі людзей коштам больш за 50 тысяч эўра, а таксама матацыклы, даражэйшыя за 5 тысяч эўра.
У сьпісе пазначаныя «аўтатранспартныя сродкі для перавозкі 10 і больш чалавек, уключаючы кіроўцу». Цяпер сярод крытэраў, па якіх будуць вызначаць, ці можна пастаўляць аўтамабіль у Беларусь, — ня толькі аб’ём рухавіка (пад санкцыямі — аўтамабілі з абʼёмам рухавіка больш за 1,9 літра), але і кліранс (гэта адлегласьць паміж дарожнай паверхняй і ніжняй часткай кузава транспартнага сродку). У пэўных выпадках гэтая адлегласьць, як вынікае з санкцыйных дакумэнтаў, не павінна перавышаць 165 мм.
Пад забарону трапілі таксама камплектуючыя: люстэркі задняга віду, некаторыя віды шынаў для аўтамабіляў і матацыклаў, іншае асьвятляльнае або візуальна-сыгнальнае абсталяваньне, турбарухавікі, ахоўная сыгналізацыя, кузавы.
У той жа час тавары, набытыя беларусамі да 1 ліпеня 2024 году, змогуць быць пастаўленыя да 1 кастрычніка.
У сакавіку гэтага году Латвія, Літва і Польшча ўвялі абмежаваньні на вываз у Беларусь легкавых аўтамабіляў абʼёмам рухавіка ад 1,9 літра і коштам больш за 50 тысяч эўра. На пачатку чэрвеня Літва дадаткова ўзмацніла жорсткасьць умоваў па вывазе машын у Беларусь — новаўвядзеньне закранула аўтамабілі, якім менш за 5 гадоў, як з Эўразьвязу, так і з ЗША і іншых краінаў сьвету.
Форум