Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ўвяла новыя правілы кантролю вывазу ў Беларусь легкавых аўтамабіляў


Літоўскі пункт пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота
Літоўскі пункт пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

Сталі вядомыя дэталі пропуску аўтамабіляў у Беларусь і Расею ў межах мытнага кантролю за выкананьнем заходніх санкцыяў.

Кіраўнікі мытняў Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі 9 траўня ў Вільні папісалі пагадненьне аб прымяненьні адзіных мераў кантролю за выкананьнем санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі і Расеі.

Мытня Літвы паведаміла, што з 4 чэрвеня ўводзяцца новыя правілы кантролю за вывазам у Беларусь і Расею легкавых аўтамабіляў, не старэйшых за 5 гадоў.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, гэтыя захады прадугледжаны падпісаным 9 траўня ў Вільні пагадненьнем аб прымяненьні адзіных мераў кантролю за выкананьнем санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі і Расеі. Яго падпісалі кіраўнікі мытняў Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі.

«Пры вывазе (рээкспарце або транзыце) легкавога аўтамабіля ў Беларусь, калі ён быў куплены фізычнай асобай, вывезьці такі аўтамабіль зможа толькі ўладальнік (фізычная асоба, якая купіла аўтамабіль), а ня блізкія сваякі на падставе дазволу ўладальніка машыны», — адзначаецца ў паведамленьні.

Цяпер пропуск легкавых аўтамабіляў, не старэйшых за 5 гадоў, будзе ажыцьцяўляцца на падставе такіх дакумэнтаў:

  • дагавор куплі-продажу, а таксама дакумэнт, які пацьвярджае атрыманьне грошай ад пакупніка (выпіска з банкаўскага рахунку),
  • транспартныя дакумэнты і дакумэнты аб аплаце перавозкі аўтамабіля да моманту яго перадачы атрымальніку ў трэцюю краіну — выпіска аб разьліковым рахунку транспартнай кампаніі (калі аўтамабіль рухаецца не сваім ходам),
  • даведка аб канчатковым атрымальніку (у выпадку, калі гэта юрыдычная асоба, — выпіска з пасьведчаньня аб рэгістрацыі кампаніі) і тлумачэньне, дзе тавар будзе выкарыстоўвацца,
  • абавязаньні/пацьверджаньні ад экспартэра і атрымальніка тавару аб тым, што тавар не прызначаны для Расеі і ня будзе прададзены або іншым чынам перададзены для выкарыстаньня ў Расеі,
  • перадача не пазьней, чым праз 40 каляндарных дзён пасьля вывазу, копіі мытнай дэклярацыі трэцяй краін, або іншага дакумэнту, які пацьвярджае, што ў дачыненьні да вывезеных аўтамабіляў працэдура мытнага афармленьня адбылася з выкананьнем міжнародных санкцый.

Асобна адзначаецца, што для вывазу аўтамабіляў, не старэйшых за 5 гадоў, таксама патрэбна падаваць дэклярацыю вытворцы.

Пры парушэньні гэтых патрабаваньняў і атрыманьні доказаў, што аўтамабілі вывезеныя ў трэція краіны і зарэгістраваныя ў Расеі, супраць экспартэраў будуць заводзіць справы і па іх выніках уводзіць санкцыі.

З 3 ліпеня Літва забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю як 2,8 тысячы відаў тавараў беларускай і расейскай вытворчасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG