Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў падпісаў указ аб роспуску парлямэнту і прызначэньні на 1 верасьня датэрміновых выбараў.
Як паведаміла азэрбайджанская служба Радыё Свабода, гэтаму папярэднічаў зварот Нацыянальнага сходу Азэрбайджану да Ільхама Аліева з просьбай распусьціць парлямэнт. З такой ініцыятывай выступілі дэпутаты кіроўнай партыі. Чарговыя выбары ў Нацыянальны сход Азэрбайджану павінны былі адбыцца ў лістападзе 2024 году, а ў тым жа месяцы ў Баку зьбярэцца Кліматычная канфэрэнцыя ААН (COP29).
Дэпутаты палічылі, што ў гэты пэрыяд асабліва важная «паўнавартасная дзейнасьць парлямэнту».
На падставе гэтага звароту Ільхам Аліеў папрасіў Канстытуцыйны суд краіны прааналізаваць законнасьць роспуску парлямэнту. Пасьля пацьвярджэньня судзьдзямі канстытуцыйнасьці такога рашэньня прэзыдэнт Азэрбайджану падпісаў адпаведныя ўказы.
Сёлета 7 лютага ў Азэрбайджане адбыліся пазачарговыя выбары прэзыдэнта, на якіх пяты раз перамог Ільхам Аліеў. Назіральнікі скрытыкавалі выбары як несвабодныя і несправядлівыя на фоне падаўленьня незалежных СМІ і адсутнасьці рэальнай апазыцыі.
Прэзыдэнцкія выбары ў Азэрбайджане павінны былі адбыцца ў 2025 годзе, але Аліеў абвясьціў аб правядзеньні датэрміновага галасаваньня пасьля вяртаньня Баку кантролю над Нагорным Карабахам. Аліеў кіруе Азэрбайджанам з 2003 году.
Форум