Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін упершыню ад 2000 году накіраваўся зь візытам у Паўночную Карэю. Напярэдадні ён падзякаваў Пхэньяну за падтрымку вайны супраць Украіны


Сустрэча Кім Чэн Ына і Ўладзіміра Пуціна ва Ўладзівастоку, верасень 2023
Сустрэча Кім Чэн Ына і Ўладзіміра Пуціна ва Ўладзівастоку, верасень 2023

Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея і Паўночная Карэя будуць шчыльна супрацоўнічаць, каб пераадолець санкцыі ЗША.

18 чэрвеня Ўладзімір Пуцін адправіўся ў Пхэньян на двухдзённую сустрэчу з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам. Перад гэтым Пуцін наведаў Якуцк.

За некалькі гадзін да прылёту Пуціна ў паўночнакарэйскай прэсе зьявіліся заявы Пуціна пра тое, што ён спадзяецца на сумеснае пасьпяховае пераадоленьне санкцый ЗША, піша АР.

Пуцін, які зробіць свой першы візыт у Паўночную Карэю, сказаў, што высока цэніць цьвёрдую падтрымку Кім Чэн Ына ва ўварваньні ва Ўкраіну. Ён сказаў, што краіны будуць працягваць «рашуча супрацьстаяць» таму, што ён назваў заходнімі амбіцыямі «перашкодзіць усталяваньню шматпалярнага ўсясьветнага парадку, заснаванага на ўзаемнай павазе да справядлівасьці».

Пуцін таксама заявіў, што Расея і Паўночная Карэя будуць разьвіваць неканкрэтныя гандлёвыя і плацежныя сыстэмы, «якія не кантралююцца Захадам», і сумесна выступяць супраць санкцый, якія ён назваў «аднабаковымі і незаконнымі абмежавальнымі захадамі».

Паўночная Карэя знаходзіцца пад жорсткімі эканамічнымі санкцыямі Рады Бясьпекі ААН за яе ядзерную зброю і ракетныя праграмы, у той час як Расея змагаецца з санкцыямі Злучаных Штатаў і іх заходніх партнэраў за агрэсію ва Ўкраіне.

Пуцін таксама заявіў, што краіны будуць пашыраць супрацоўніцтва ў сфэрах турызму, культуры і адукацыі.

Паміж Паўночнай Карэяй і Расеяй ёсьць дамоўленасьці аб узбраеньні, і Пхэньян забясьпечвае Маскву вельмі неабходнымі боепрыпасамі для далейшай вайны ва Ўкраіне ў абмен на эканамічную дапамогу і перадачу тэхналёгій, якія ўзмацняюць пагрозу ядзернай зброі і ракетнай праграмы Кіма.

Сувязі Масквы з Паўночнай Карэяй аслаблі пасьля распаду СССР у 1991 годзе. Вайсковыя, эканамічныя і іншыя абмены паміж Паўночнай Карэяй і Расеяй рэзка павялічыліся пасьля таго, як Кім Чэн Ын наведаў расейскі Далёкі Ўсход у верасьні 2023 для сустрэчы з Пуціным, першай з 2019 году.

ЗША крытыкуюць візыт

У Злучаных Штатах нэгатыўна ўспрымаюць паглыбленьне супрацы Масквы і Пхэньяну.

«Мы лічым, што паглыбленьне супрацоўніцтва паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй — гэта тое, што павінна выклікаць вялікую заклапочанасьць ва ўсіх, хто зацікаўлены ў падтрыманьні міру і стабільнасьці на Карэйскім паўвостраве, выкананьні рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН і, вядома, падтрымцы народу Ўкраіны, які абараняе сваю свабоду ад расейскага ўварваньня», — заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Мэт'ю Мілер.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG