Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На спатканьні ў калёніі пачалі пускаць людзей, якія жывуць у «грамадзянскім» шлюбе. Палітвязьняў гэта не датычыць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцам вядомыя чатыры такія выпадкі па ўсёй Беларусі, але сярод іх няма палітычных зьняволеных.

У папраўчыя калёніі сталі пускаць на кароткатэрміновыя і працяглыя спатканьні людзей, якія жывуць у «грамадзянскім» шлюбе, даведаліся праваабаронцы «Вясны», паведамляе тэлеграм-канал MAYDAY TEAM.

Як удакладнілі Свабодзе самі праваабаронцы, яны зафіксавалі прынамсі 4 такія выпадкі па ўсёй Беларусі. Паводле зьвестак прааваабаронцаў, усе гэтыя выпадкі не датычыліся палітвязьняў.

Пакуль правабаронцы не знайшлі ў адкрытым доступе нарматыўна-прававых дакумэнтаў, якія афіцыйна зацьвярджалі б гэтую практыку, але ім вядомыя мэханізмы атрыманьня такіх дазволаў на спатканьне.

Каб атрымаць кароткатэрміновае ці доўгатэрміновае спатканьне, «грамадзянскаму» мужу ці жонцы трэба было зьвярнуцца да ўчастковага з заявай аб выдачы пацьверджаньня аб сумесным пражываньні людзей, не расьпісаных у ЗАГСе. Пасьля гэтага міліцыянт павінен наведаць месца жыхарства і пацьвердзіць факт сужыцьця. Напрыклад, у пары ёсьць агульныя дзеці. Пасьля гэтага даведку, падпісаную ўчастковым, высылаюць у адрас начальніка калёніі, а асуджаны піша хадайніцтва, каб «грамадзянскую жонку/мужа» ўнесьлі ў ягоную асабістую справу.

На думку праваабаронцаў, шмат што залежыць ад артыкулу, паводле якога вязень адбывае пакараньне, а таксама ад ягонай характарыстыкі. Шанцаў атрымаць спатканьне з палітвязьнем па-ранейшаму няшмат, лічаць праваабаронцы. Часта палітвязьні ня могуць атрымаць спатканьні і са сваімі жонкамі ці мужамі.

Раней «грамадзянскім» мужам і жонкам не дазвалялі бачыцца ў калёніі. На спатканьні пускалі толькі сваякоў, унесеных у асабістую справу асуджанага. Для гэтага яны павінны былі адправіць у калёнію копіі дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць сваяцтва.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG