У 2024 годзе хворнасьць на гепатыт А ў Беларусі павялічылася ў 8,4 раза ў параўнаньні з 2023 годам, вынікае са словаў загадчыцы лябараторыі інфэкцыяў з прыродным рэзэрвуарам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Тамары Амвросьевай, паведаміў «Позірк».
«Паказчык хворнасьці на гепатыт А па выніках 2024 году склаў 7,5 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва, што адпавядае сусьветнай тэндэнцыі разьвіцьця эпідсытуацыі. У эпідэмічны працэс было ўцягнута ў асноўным дарослае насельніцтва, гэта больш за 50%. Хварэлі таксама дзеці», — заявіла прафэсарка 15 красавіка ў Беларусі.
Згодна з прадстаўленым ёю слайдам, хворнасьць на гепатыт А ў Беларусі ў 2024 годзе склала 7,48 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва (выпадкі зафіксаваныя ў 56 адміністрацыйных адзінках краіны), у 2023 годзе — 0,35 выпадка на 100 тысяч насельніцтва, у 2015-м — 1,71 выпадка, 2008-м — 0,88 выпадка.
Амвросьева падкрэсьліла, што гепатыт А зьяўляецца вакцынакіравальнай інфэкцыяй. Паводле яе, у 2024 годзе ў Беларусі прышчапілі 1317 людзей, якія кантактавалі з хворымі на гепатыт А, у тым ліку 668 дзяцей. У 2025 годзе плянуюць абмеркаваць пашырэньне катэгорыі кантактных асобаў для вакцынацыі, адзначыла мэдык.
Пра прычыны ўспышкі хворнасьці на гепатыт А прафэсарка нічога не сказала, аднак згадала, што падчас эпідэміі ці пандэміі SARS-CoV-2 практычна ва ўсіх краінах назіралася зьніжэньне хворнасьці на кішэчныя інфэкцыі, а таксама на гепатыт А, а потым назіраўся іх рост:
«У постпандэмічны час, ужо пачынаючы з канца 2023 году пачаўся бурны рост і зарэгістравалі шэраг успышак. Геаграфія іх вельмі разнастайная».
Сьпікерка згадала пра ўспышкі гепатыту А, зьвязаныя са сфэрай грамадзкага харчаваньня: так, у Нідэрляндах у 2025 годзе захварэлі 12 чалавек, якія ўжывалі замарожаныя чарніцы, у Францыі ў 2024-м — 16 чалавек, якія елі морапрадукты. У Індыі і Калюмбіі летась назіраліся ўспышкі хворнасьці ў выніку спажываньня бруднай вады.
Тэлеграм-канал аб’яднаньня мэдыкаў «Белыя халаты», які таксама раней паведамляў пра ўсплёск хворнасьці на гепатыт А ў Беларусі, выказаў меркаваньне, што яго прычынай могуць быць прадукты з Афрыкі або краінаў Блізкага Ўсходу.
Гепатыт А — гэта запаленчае захворваньне печані. Вірус распаўсюджваецца галоўным чынам праз харчовыя прадукты ці ваду. У адрозьненьне ад гепатытаў B і C, гепатыт А не выклікае хранічных захворваньняў печані, але можа суправаджацца цяжкімі сымптомамі і прыводзіць, у тым ліку, да сьмерці.
Форум