Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Эўразьвяз падоўжыць санкцыі супраць Расеі, не зважаючы на ​​шантаж Вугоршчыны?


Hungary's Prime Minister Viktor Orban delivering his annual state of the nation speech in Budapest on February 22, 2025
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, архіўнае фота

Падаўжэньне санкцыяў супраць Расеі стала адным з самых вострых пытаньняў для Эўразьвязу, асабліва сёлета. І тое, што Вугоршчына сыстэматычна перашкаджае такім мерам, прымушае чыноўнікаў у Брусэлі непакоіцца, што будзе ў ліпені, калі прыйдзе час іх чарговага працягу.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан доўгі час гучна пярэчыць санкцыям ЭЗ супраць Крамля і адмаўляецца ўзгадняць любыя новыя меры, якія закранаюць імпарт энэрганосьбітаў у Эўразьвяз з Расеі, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Падаўжэньне санкцыяў ЭЗ адбываецца кожныя шэсьць месяцаў у дзьвюх катэгорыях: сэктаральныя санкцыі, як забарона імпарту розных расейскіх тавараў, і пэрсанальныя санкцыі — забароны на выдачу візаў і замарожваньне актываў больш як 2500 расейскіх грамадзян і кампаніяў.

Сэктаральныя санкцыі падаўжаюць штогод у студзені і ліпені, а працяг пэрсанальных санкцыяў разглядаюць у сакавіку і верасьні. Штогод чатыры рашэньні, кожнае зь якіх павінны прыняць аднагалосна 27 дзяржаваў Эўразьвязу.

Падчас як студзеньскага падаўжэньня сэктаральных санкцыяў, так і перагляду сьпісаў у сакавіку Вугоршчына, якая даўно крытыкуе санкцыі Эўразьвязу для Крамля, абдумвала спосаб адмовіць у згодзе. У рэшце рэшт Будапэшт даў зялёнае сьвятло, але не бяз пэўных саступак з боку Брусэлю.

Афіцыйныя асобы ЭЗ у Брусэлі сказалі мне, што ўжо ёсьць асьцярогі наконт далейшага падаўжэньня сэктаральных санкцыяў для Расеі ў ліпені — і таго, што можа запатрабаваць Будапэшт.

Сытуацыю ўскладняе больш агульнае пытаньне санкцыйнай палітыкі Захаду стасоўна Масквы ў сувязі зь цяперашнімі перамовамі аб спыненьні агню ва Ўкраіне паміж Расеяй, Украінай і Злучанымі Штатамі.

Паслабленьне санкцыяў у пэўнай форме разглядаецца як патэнцыйны «пернік» для Крамля — прынамсі, Вашынгтонам. У той жа час краіны ЭЗ, не залучаныя ў гэтыя перамовы, пакуль адпрэчылі такую ідэю.

Пытаньне ў тым, ці захаваецца гэтая тэндэнцыя ўлетку.

«Тры месяцы — гэта цэлае жыцьцё ў палітыцы, і за гэты час [прэзыдэнт ЗША Дональд] Трамп можа стаміцца ад Расеі і замест гэтага ўзмацніць жорсткасьць санкцыяў», — сказаў адзін з чыноўнікаў Эўразьвязу, зь якім я гаварыў, хоць ён жа прызнаў, што ўсё больш краінаў ЭЗ могуць паддацца спакусе аслабіць санкцыі.

Пастаянная пагроза трансатлянтычнай гандлёвай вайны, якая б’е па эканоміках краін Эўразьвязу, можа, паводле дыпляматаў, актывізаваць заклікі палегчыць санкцыі, напрыклад, на расейскі газ, алюміній, сталь, а таксама на шырэйшы гандаль з Масквой.

Які санкцыйны «плян Б» мае Эўропа?

Каб абысьці патэнцыйнае вэта Вугоршчыны на падаўжэньне санкцыяў гэтым летам або ня даць іншым дзяржавам ЭЗ магчымасьці аслабляць пэўныя санкцыі на свой выбар, найлепшыя юрыдычныя розумы ў Брусэлі цяпер уважліва вывучаюць тэксты законаў у пошуках «пляну Б», калі «плян А» — «чыстае» падаўжэньне санкцыяў — будзе немагчымым у ліпені.

І яны, магчыма, знайшлі яго.

Гэту ідэю ўжо прапаноўвалі пры падаўжэньні санкцыяў у сакавіку. Яна пакуль не правераная на практыцы, сумнеўна, ці яна цалкам законная. Таксама яна даволі складаная — прынамсі для тых, хто па-за межамі «брусэльскай бурбалкі».

Ідэя выглядае так: санкцыі ЭЗ складаюцца з двух юрыдычных дакумэнтаў, рашэньня і рэглямэнту. Гэтыя тэксты ў істоце ідэнтычныя і дзейнічаюць разам; дзяржавы-чальцы згаджаюцца і прымаюць рашэньне, якое потым рэалізуецца як рэглямэнт.

Рэглямэнт трэба працягваць кожныя шэсьць месяцаў аднагалосна, у той час як рашэньне — не. Фактычна рашэньне застаецца ў сіле, калі толькі кваліфікаваная большасьць не прагаласуе за яго скасаваньне.

Гэта азначала б, што санкцыі могуць заставацца ў сіле безь неабходнасьці фармальнага падаўжэньня, і Вугоршчына страціла б вялікую магчымасьць «шантажаваць» астатнюю частку ЭЗ у гэтым пытаньні.

Гэта, у істоце, запасны варыянт — і часовы, паводле дыпляматаў, зь якімі я гаварыў.

Вугоршчына і, магчыма, іншыя краіны, імаверна, праз гэта пададуць на Эўразьвяз у суд, бо такі падыход быў бы беспрэцэдэнтным. Як выказаўся адзін дыплямат:

«Гэта адбываецца на вельмі хісткіх праўных падставах, бо мы заўсёды выкарыстоўвалі аднагалоснасьць для падаўжэньня санкцыяў — менавіта так гэта заўсёды і працавала».

Але распрацоўваюцца і іншыя «пляны Б». Магчыма, самы відавочны палягае ў тым, што Эўрапейская камісія ў наступныя тыдні прапануе дадатковыя санкцыі, якія стануць 17-м пакетам санкцыяў з моманту поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну больш за тры гады таму.

Але штука ў тым, што гэтыя новыя санкцыі насамрэч ня будуць прынятыя. Замест гэтага яны будуць «прададзеныя» ў абмен на згоду Вугоршчыны паўтарыць агульныя санкцыі.

У гэтым сцэнары Будапэшт можа заяўляць пра сваю перамогу — бо ніякіх новых санкцыяў ня ўхваляць, у той час як іншыя прынамсі забясьпечаць працяг цяперашніх санкцыяў да канца году.

Іншым патэнцыйным шляхам была б згода на прыпыненьне санкцыяў, кампэнсаваная павышэньнем мытаў на расейскія тавары ўва ўсіх эквівалентных сэктарах эканомікі. Такое рашэньне не патрабуе аднагалоснасьці, таму цалкам можа быць прынятае. Аднак застаецца пытаньне: што рабіць з ужо ўведзенымі экспартнымі абмежаваньнямі для Расеі?

Адным з варыянтаў было б дазволіць заканчэньне санкцыяў супраць Расеі, але паўтарыць тыя ж меры на нацыянальным узроўні. Аднак далёка ня ўсе дзяржавы-сябры маюць нацыянальнае заканадаўства аб санкцыях і замест гэтага абапіраюцца на агульнаэўрапейскае заканадаўства. У выніку ажыцьцяўленьне эўрапейскіх санкцыяў хутка стане неаднародным і непасьлядоўным.

Ёсьць і яшчэ адна патэнцыйная дылема. Акрамя падаўжэньня санкцыяў, большасьць дзяржаваў ЭЗ хоча, каб блёк пачаў перамовы аб уваходжаньні Ўкраіны ў Эўразьвяз не пазьней за чэрвень. Гэта азначае, што яшчэ адно патэнцыйнае вугорскае вэта трэба пераадолець прыкладна ў той жа час, што і санкцыйнае.

Магчыма, некаторыя замарожаныя сродкі Эўразьвязу, якія не далі Будапэшту з прычыны яго праблемаў зь вяршэнствам закону, давядзецца размарозіць і накіраваць Вугоршчыне, каб урэгуляваць абодва пытаньні.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG