Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле першых вынікаў Наўседа перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах у Літве


Кандыдаты ў другім туры: прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце і прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа
Кандыдаты ў другім туры: прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце і прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа

У другім туры прэзыэнцкіх выбараў у Літве, як і 5 гадоў таму, сустрэліся цяперашні прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа і кандыдатка ад кансэрватараў, прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце. Паводле зьвестак з 1450 участкаў (усяго ў Літве іх 1895), за Наўседу прагаласавалі 78.87% выбарнікаў, якія прыйшлі на ўчасткі, а за Шыманіце — 19.59%, паведамляе літоўскі партал Delfi.

Яўка на галасаваньні ў другім туры склала 49,61 %. Паводле Delfi, Шыманіце ўжо павіншавала Наўседу зь пераабраньнем.

У першым туры выбараў, які прайшоў у Літве 12 траўня, за Гітанаса Наўседу прагаласавалі 43,95% выбарнікаў, а Інгрыда Шыманіце два тыдні таму набрала 20,05% галасоў.

Паралельна зь першым турам выбараў у Літве праходзіў рэфэрэндум аб дазволе двайнога грамадзянства. Пяць гадоў таму папраўкі аб ім у Канстытуцыю на рэфэрэндуме не прынялі. Але цяпер, паводле вынікаў падліку бюлетэняў на 1629 з 1895 выбарчых участкаў, за двайное грамадзянства выказаліся 71,6% літоўцаў, супраць — 26,1%. Аднак рэфэрэндум ня будзе прызнаны, бо на яго не хапіла яўкі.

Галасаваньне ў Літве праходзіла ў новых геапалітычных умовах. Рэзкая ваенна-палітычная эскаляцыя ў рэгіёне ставіць праблему бясьпекі, захаваньня сувэрэнітэту краіны на першы плян. Фонам, на якім праходзілі выбары, было абвастрэньне адносінаў зь Беларусьсю, размахваньне Пуціным і Лукашэнкам ядзернай дубінай, зьяўленьне на літоўскай тэрыторыі вайсковых падразьдзяленьняў NATO і агульная пагроза «вялікай вайны», тлумачыў аналітык Свабоды Валер Карбалевіч.

Літоўская стабільнасьць выявілася ў тым, што на другіх запар прэзыдэнцкіх выбарах (2019, 2024) у наступны тур выходзяць тыя ж палітыкі: Гітанас Наўседа і Інгрыда Шыманіце. Розьніца ў тым, што 5 гадоў таму абое не займалі адказных дзяржаўных пасадаў і ў першым туры набралі амаль аднолькавую колькасьць галасоў — 31%. Цяпер абое займаюць самыя адказныя пасады ў дзяржаве, і разрыў у галасах паміж імі ў першым туры выбараў вялізны. Цяжар пасады кіраўніка ўраду, адказнага за эканоміку, у якой шмат праблем пад уплывам геапалітычных забурэньняў, пацягнуў рэйтынг прэм’еркі Шыманіце ўніз, адзначае аналітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG