Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 63-гадовую жыхарку Берасьця завялі крымінальную справу за грашовыя пераводы палітвязьням


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У віну 63-гадовай жанчыне ставяць 125 паштовых грашовых пераводаў палітвязьням.

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці завяршыла расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць 63-гадовай жыхаркі Берасьця, паведамляе прэс-служба СК. Ёй выставілі абвінавачаньне ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч.1 арт.361-4 КК) і ўзялі пад варту. Матэрыялы справы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка ідзе пра палітзьняволеную Натальлю Малец.

Паводле сьледзтва, жанчына «ледзь не штодня» пераводзіла розныя сумы грошай на рахункі беларусаў, асуджаных паводле палітычных артыкулаў, якія знаходзіліся ў СІЗА, каб тыя маглі купіць прадукты, кнігі і інш. Агулам жыхарка Берасьця, паводле сьледчых, зрабіла сама меней 125 паштовых грашовых пераводаў у адрас прынамсі 114 чалавек на суму больш за 1,5 тысячы рублёў.

Таксама яна нібыта была ў складзе закрытай групы ў Фэйсбуку, якая, паводле сьледчых, «належыць экстрэмісцкаму фармаваньню» і ў якой публікавалі заклікі дапамагаць палітвязьнямі.

Да выхаду на пэнсію жанчына працавала ў адной з ВНУ Менску намесьніцай дырэктара ў выхаваўчай працы. У 2021 годзе жанчыну ўжо асудзілі за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) на 1,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»).

Згодна з заканадаўствам Беларусі, грашовыя пераводы асобам, якіх утрымліваюць пад вартай або якія адбываюць тэрмін, дазволены незалежна ад таго, «палітычныя» яны або «крымінальнікі».

  • 23 студзеня па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні: пад перасьлед трапілі ў асноўным сваякі палітвязьняў, рэпрэсаваныя і тыя, хто ім дапамагаў. Паводле дадзеных праваабаронцаў «Вясны», пад перасьлед трапілі ня менш за 287 чалавек. Большасьць зь іх — жанчыны.
  • Большасьць затрыманых асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў і ў судовым парадку запатрабавалі «вярнуць» ёй цану прадуктаў, якія людзі атрымалі праз ініцыятыву IndeedHelpBy.
  • Некаторыя з затрыманых цяпер у СІЗА паводле крымінальнага артыкулу 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Так органы трактавалі дапамогу арыштаваным і асуджаным палітвязьням і іх сваякам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG