Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атрымала прадукты для іншай экстрэмісцкай дзейнасьці». Як судзілі беларусаў, якія скарысталіся дапамогай ініцыятывы IneedHelpBy


Каляж Свабоды
Каляж Свабоды

23 студзеня па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні сваякоў палітвязьняў і тых, хто ім дапамагаў. Дзяржава змушае «вярнуць» ёй кошты прадуктаў, якія людзі атрымалі праз ініцыятыву IndeedHelpBy.

Што адбываецца

23 студзеня супрацоўнікі КДБ і міліцыі правялі масавы рэйд па ўсёй Беларусі. Іх ахвярамі сталі ў асноўным сваякі палітвязьняў, рэпрэсаваныя і тыя, хто ім дапамагаў. Паводле дадзеных праваабаронцаў «Вясны», пад перасьлед трапілі ня менш за 287 чалавек. Большасьць зь іх — жанчыны.

Прычыны затрыманьняў і вобшукаў — дапамога сваякам палітвязьняў прадуктамі праз сэрвіс «Е-дастаўка» ад ініцыятывы IneedHelpBy. Яе ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Працавала гэта так: пэўны чалавек за мяжой непасрэдна зьвязваецца з чалавекам у Беларусі, пытаецца, што яму замовіць у «Эўраопце», і аплачвае замову. А чалавеку ўжо прадукты прывозяць на дом.

Некаторыя з затрыманых цяпер у СІЗА па крымінальным артыкуле 361-4 — садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці. Так органы трактавалі дапамогу арыштаваным і асуджаным палітвязьням і іх сваякам.

З пачатку лютага па ўсёй Беларусі пачалі судзіць людзей па артыкуле 24.15 КаАП — «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісткай дзейнасьці». Так міліцыя і суд расцанілі атрыманьне беларусамі прадуктаў ад землякоў з замежжа.

Раней гэты артыкул не ўжываўся.

Паводле дадзеных «Вясны», па артыкуле 24.15 прайшло ўжо каля 100 судоў. То бок атрымальнікі дапамогі і тыя, хто гэтую дапамогу аказваў, трапілі як пад адміністрацыйны, так і пад крымінальны перасьлед.

«Атрымала прадукты для ажыцьцяўленьня іншай экстрэмісцкай дзейнасьці»

У Базе судовых рашэньняў зьмяшчаюцца ня ўсе пастановы судоў. Пакуль там дзевяць пастаноў па артыкуле 24.15 КаАП.

У Лідзе судзілі мясцовую жыхарку, якая знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцём да трох гадоў, мае дваіх малалетніх дзяцей.

Суд устанавіў, што грамадзянка атрымала «замежную дапамогу ад экстрэмісцкага фармаваньня IneedHelpBy у выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў на суму 18143,88 рубля».

На гэтую суму ў інтэрнэт-краме былі набытыя прадукты. Суд вырашыў, што гэтая сума была выкарыстаная для «ажыцьцяўленьня іншай экстрэмісцкай дзейнасьці шляхам кампэнсацыі прызначанага яе мужу пакараньня». Раней яго судзілі па артыкулах 364, 369 Крымінальнага кодэксу (гвалт над міліцыяй, абраза службовай асобы. — РС).

Беларуску прызналі вінаватай і пакаралі штрафам у памеры 1 тысяча рублёў «са спагнаньнем на карысьць дзяржавы 18143,88 рубля».

Штраф яна мусіць сплаціць цягам месяца.

Аналягічна ў Лідзе судзілі іншую беларуску, якая адна выхоўвае малалетняе дзіця. Яе абвінавацілі ў тым, што «замежную дапамогу» — «таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці» ў памеры больш за 5 тысяч рублёў — яна выкарыстала для «іншай экстрэмісцкай дзейнасьці шляхам кампэнсацыі прызначанага ёй судом адміністрацыйнага штрафу».

Жыхарка Ліды атрымала штраф у тысячу рублёў і абавязак «вярнуць» дзяржаве звыш 5 тысяч рублёў.

Стварылі пагрозу дзяржаўным інтарэсам шляхам наданьня «псэўдастатусу „палітвязьняў“»

У Наваградку судзілі мясцовага жыхара, пэнсіянэра, за атрыманьне прадуктаў праз ініцыятыву IneedHelpBy. Дапамогу ён атрымліваў, на погляд суду, «у інтарэсах свайго сына» (імаверна, палітзьняволенага. — РС).

Паводле рашэньня суду, пэнсіянэр з 2022 па 2024 год атрымаў замежную дапамогу «ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў» на суму 300 рублёў.

Сваімі дзеяньнямі беларус «стварыў пагрозу прычыненьня шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам». На думку суду, гэта «выразілася ў публічнай заведама неправамернай легітымацыі асоб, якія зьдзейсьнілі правапарушэньні і злачынствы».

Пэнсіянэр атрымаў штраф у памеры 600 рублёў. Зь яго пастаноўлена таксама спагнаць 300 рублёў, на якія ён атрымаў дапамогу.

Таксама ў яго арыштавалі ноўтбук, мабільны тэлефон без акумулятара і задняга вечка.

Па падобным складзе правапарушэньня і з такімі ж фармулёўкамі судзілі настаўніцу зь Бярозаўскага раёну. Яна атрымала штраф 1200 і абавязак сплаціць дзяржаве 1494 рублі.

У Кобрынскім судзе таксама разглядалі справу настаўніцы, якая атрымала ад «экстрэмісцкай арганізацыі» тавараў больш як на 3 тысячы рублёў.

Ёй далі штраф «з канфіскацыяй замежнай дапамогі». Суд вырашыў «канфіскацыю прадмета правапарушэньня ў выкананьне не прыводзіць таму, што прадмет правапарушэньня зрасходаваны».

На нармальную мову гэта можна перакласьці так, што прадукты немагчыма вярнуць, бо іх зьелі. Але больш за 3 тысячы рублёў суд пастанавіў «спагнаць на карысьць дзяржавы як прадмет адміністрацыйнага парушэньня».

З аналягічнымі фармулёўкамі судзілі беларусаў па ўсёй краіне.

Як гэта адбываецца на практыцы

Крыніцы Свабоды расказалі, што такімі пастановамі суду «людзей проста заганяюць у грашовую кабалу і адчай». Бо затрыманых па «палітычных» артыкулах, нават адміністрацыйных, адразу звальняюць з працы. Між тым штраф чалавек мусіць сплаціць цягам месяца. Інакш прыйдуць судовыя выканаўцы апісваць маёмасьць.

У цяжкую сытуацыю, па словах суразмоўцы Свабоды, трапіў былы палітвязень, жыхар Гомля Аляксей Раманаў. Ён мае інваліднасьць трэцяй групы па анкалягічным захворваньні. 23 студзеня яго затрымалі нібыта за падпіскі на «экстрэмісцкія рэсурсы», далі 15 сутак, затым яшчэ 15 сутак. Паміж адбываньнем пакараньня ў ІЧУ Раманава вазілі на суд па артыкуле 24.15 КаАП — за атрыманьне прадуктаў праз ініцыятыву IneedHelpBy. Яму далі штраф 800 рублёў і «спагнаньне на карысьць дзяржавы» кошту прадуктаў — каля 130 рублёў. За перабываньне ў ізалятары цягам месяца Раманаў застаўся «вінен» дзяржаве каля 600 рублёў.

«Пэнсію па інваліднасьці ён мае каля 270 рублёў. З той пэнсіі ўжо вылічваюць штраф. На працу не бяруць — „палітычны“. Як яму сплаціць тыя штрафы і кошт прадуктаў? Ён пайшоў у суд, прасіў растэрміноўку на аплату штрафу — бо чалавек не дае рады. Суд адмовіў», — патлумачыла крыніца Свабоды.

Праблем усім тым, хто атрымаў штраф і абавязак папоўніць казну за атрыманыя прадукты, дадае той факт, што людзей робяць невыязнымі за мяжу. «Чалавек мог бы выехаць і зарабіць там. Але яму стаіць забарона на выезд. Па выніку — з працы выгналі, у кабалу загналі, і выйсьця не відаць», — дадала іншая крыніца Свабоды, якая страціла працу праз «палітычны» артыкул — за атрыманьне прадуктаў.

Але здараюцца і выключэньні

У Янаве (Берасьцейская вобласьць) 21 лютага судзілі пэнсіянэрку, якая жыве ў вёсцы.

На яе 16 лютага склалі пратакол па артыкуле 24.15 КаАП. У пастанове зазначана, што пэнсіянэрка з 7 студзеня па 21 кастрычніка 2022 году атрымала і выкарыстала замежную дапамогу ад экстрэмісцкага фармаваньня — «таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці» на суму больш за 5 тысяч рублёў.

Але беларуску не пакаралі, бо «тэрміны накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня ня могуць перавышаць аднаго году з дня зьдзяйсьненьня правапарушэньня, а пры зьдзяйсьненьні такой асобай правапарушэньня, расьцягнутага па часе — аднаго году з дня, калі яго выявілі ці калі правапарушэньне было скончанае да таго, як яго выявілі».

«З матэрыялаў справы вынікае, што асоба, якая зьдзяйсьняла правапарушэньне, расьцягнутае па часе, спыніла яго 21 кастрычніка 2022 году».

Суд прыйшоў да высновы, што пры такіх абставінах скончыліся тэрміны прыцягненьня да адказнасьці.

Адміністрацыйную справу спынілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG