Па ўсёй Беларусі 23 студзеня і цягам наступнага тыдня супрацоўнікі КДБ, як паведамляе «Вясна», зладзілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманьні сваякоў і блізкіх палітвязьняў, а таксама былых палітзьняволеных, якія нядаўна выйшлі на волю і заставаліся ў Беларусі.
Па стане на 22 лютага пад перасьлед трапілі сама меней 275 чалавек, абсалютная большасьць зь іх — жанчыны, паведамляе «Вясна». Пасьля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошваньні. Але на волю выйшлі ня ўсе.
Паводле праваабаронцаў, пад адміністрацыйны перасьлед трапілі сама меней 115 чалавек, на некаторых зь іх склалі адразу па два пратаколы. Зь іх 85 судзілі па арт. 24.15 КаАП аб «выкарыстаньні замежнай бязвыплатнай дапамогі». Судзьдзі прызначалі ім вялікія штрафы разам з кампэнсацыяй выплатаў.
На шэраг людзей пасьля ператрусаў і затрыманьняў завялі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) — праваабаронцы высьвятляюць лёс затрыманых.
Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай зацікаўленасьці да некаторых з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».