У штаб-кватэры NATO у Бэльгіі склікалі першае ў 2025 годзе пасяджэньне міністраў абароны краін, якія ўваходзяць у кааліцыю «Рамштайн» для вайсковай дапамогі Ўкраіне.
Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе Вашынгтон сабраў групу прыблізна з 50 краін, міністры абароны якіх рэгулярна сустракаліся на амэрыканскай авіябазе ў Рамштайне на паўднёвым захадзе Нямеччыны, каб абмеркаваць запыты Кіева на дадатковае ўзбраеньне.
Гэта першая сустрэча ў фармаце «Рамштайн» пасьля пачатку дзейнасьці новага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. У адрозьненьне ад папярэдніх сустрэч, якія склікаў міністар абароны ЗША Лойд Остын, гэтае пасяджэньне адбудзецца пад кіраўніцтвам міністра абароны Вялікай Брытаніі Джона Гілі.
«Сёньня Вялікая Брытанія ачоліла 26-ае пасяджэньне кантактнай групы ў пытаньнях абароны Ўкраіны і стала першай эўрапейскай краінай, якая гэта зрабіла», — паведамілі на афіцыйнай старонцы абароннага ведамства Вялікай Брытаніі на плятформе Х.
У той жа час адзначаецца, што новы міністар абароны ЗША Піт Гэґсэт таксама прыедзе на пасяджэньне. На афіцыйным сайце Пэнтагону паведамляецца, што ён выступіць на сустрэчы і пацьвердзіць, што прэзыдэнт Дональд Трамп зьяўляецца прыхільнікам як мага хутчэйшага дыпляматычнага спыненьня вайны ва Ўкраіне і неабходнасьці ўзмацніць эўрапейскае лідэрства ў дапамозе Ўкраіне ў галіне бясьпекі і абароны.
Міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў паведаміў, што на пасяджэньні ў фармаце «Рамштайн» плянуюць абмеркаваць стабільныя і своечасовыя пастаўкі вайсковай дапамогі ў 2025 годзе, паскарэньне перадачы крытычна важнага ўзбраеньня (СПА, авіяцыі, боепрыпасаў), а таксама інвэстыцыі ў абаронную прамысловасьць Украіны.
«Галоўная мэта — узмацненьне вайсковай супрацы і рэальныя мэханізмы падтрымкі Ўкраіны. Украіна гатовая да перамоваў аб завяршэньні вайны. Але справядлівы і трывалы мір магчымы толькі тады, калі Ўкраіна будзе моцнай на полі бою», — заявіў Рустэм Умераў.
Папярэдне паведамлялі, што на гэтай сустрэчы не плянуюць абвяшчаць аб новых плянах вайсковай дапамогі Ўкраіне.
На наступны дзень, 13 лютага, у штаб-кватэры NATO ў Брусэлі адбудзецца сустрэча міністраў абароны краін-удзельніц альянсу. На ёй таксама плянуюць абмеркаваць вайсковую дапамогу Ўкраіне.
Форум