Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Армэніі ўхваліў законапраект, каб пачаць далучэньне да Эўразьвязу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

12 лютага дэпутаты парлямэнту Армэніі падтрымалі ў першым чытаньні законапраект «Аб пачатку працэсу ўступленьня Рэспублікі Армэнія ў Эўрапейскі Зьвяз».

63 дэпутаты прагаласавалі за прыняцьце законапраекту, сямёра выступілі супраць, паведамляе News.am.

За дакумэнт прагаласавалі прадстаўнікі кіроўнай фракцыі «Грамадзянская дамова». Апазыцыйная фракцыя «Армэнія» не прыняла ўдзелу ў галасаваньні. Яшчэ адна фракцыя «Гонар маю», якая таксама ў апазыцыі, прагаласавала супраць.

У пачатку студзеня парлямэнт Армэніі ўхваліў законапраект аб пачатку працэсу падачы заяўкі на ўступленьне ў Эўразьвяз. Расея заявіла, што гэты крок зробіць немагчымым удзел Ерэвану ў Эўразійскім эканамічным саюзе, які ўзначальвае Масква. «Армэнія гатовая быць бліжэйшай да ЭЗ настолькі, наколькі ЭЗ лічыць гэта магчымым. Мы ўбачылі прыкметы таго, што гэта магчыма», — заявіў тады кіраўнік МЗС Армэніі Арарат Мірзаян.

Паведамляюць, што ініцыятарам разгляду законапраекту ў парлямэнце выступіла грамадзянская ініцыятыва «Плятформа дэмакратычных сілаў». За два месяцы яна сабрала 60 тысяч подпісаў, неабходных, каб перадаць дакумэнт на разгляд дэпутатаў.

  • Стасункі Армэніі з асобнымі чальцамі інтэграцыйных утварэньняў на постсавецкай прасторы пачалі астываць з канца 2020 году на фоне канфлікту вакол Карабаху. 23 траўня 2024 году прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, выступаючы ў парлямэнце краіны, заявіў, што «як мінімум дзьве краіны АДКБ (...) удзельнічалі ў рыхтаваньні вайны» супраць Армэніі, хоць і «стварылі імітацыю таго, што дапамагаюць нам». Пашыньян не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у прамове Аляксандра Лукашэнку. У карабаскім канфлікце Лукашэнка падтрымаў Азэрбайджан, а АДКБ, куды ўваходзяць Беларусь і Армэнія, бязьдзейнічала.
  • Арменія, якая падтрымлівала Нагорны Карабах, раскрытыкавала АДКБ за брак падтрыманьня ў вайне з Азэрбайджанам і фактычна згарнула ўдзел у дзейнасьці арганізацыі. 14 траўня 2024 году Пашыньян заявіў, што ўдзел Армэніі ў АДКБ замарожаны, а магчымасьць выхаду Армэніі з блёку — «тэма для далейшага абмеркаваньня». Таксама ў у Ерэване сталі абмяркоўваць пэрспэктывы эўраінтэграцыі.
  • 13 чэрвеня 2024 году Пашыньян паведаміў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка. Гэтую пазыцыю прэм’ер-міністар пацьвердзіў, адмовіўшыся прыяжджаць у беларускую сталіцу ў траўні 2025 году на саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу.
  • У чэрвені 2024 зь Менску адклікалі амбасадара Армэніі Разьміка Хумар’яна. Ерэван ня мае намеру вяртаць яго ў Беларусь.
  • Пасьля таго, як Лукашэнка ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу РФ «Россия» раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэньне з Захадам, 21 жніўня дэмакратычныя сілы Армэніі запатрабавалі ад уладаў краіны «неадкладна разарваць дыпляматычныя стасункі зь Беларусьсю да зьняцьця дыктатара Лукашэнкі з пасады». Іх прадстаўнікі прыйшлі да беларускай амбасады і закідалі місію яйкамі, памідорамі і бульбай. У сувязі з гэтым у беларускі МЗС выклікалі часовага паверанага ў справах Армэніі ў Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG