Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць беларускага хакеіста Кальцова — меркаванае самагубства, — паліцыя Маямі


18 сакавіка пайшоў з жыцьця знакаміты беларускі хакеіст Канстанцін Кальцоў. Як паведамілі Свабодзе ў паліцыі Маямі, ён меркавана скончыў жыцьцё самагубствам.

У паліцыі Маямі на запыт Радыё Свабода пра прычыны і абставіны сьмерці Кальцова адказалі наступнае:

«У панядзелак, 18 сакавіка 2024 году, прыкладна ў 00:39 раніцы паліцыя Бал-Харбар і пажарныя ратавальнікі былі накіраваныя на курорт St. Regis Bal Harbor, 9703 Collins Avenue, у сувязі з мужчынам, які скокнуў з балькона. Верагоднае (apparent) самагубства спадара Канстанціна Кальцова (17.04.1981) расьсьледуецца Бюро па забойствах Дэпартамэнту паліцыі Маямі-Дэйд. Падазрэньняў наконт гвалтоўнага характару сьмерці няма».

Раніцай 19 сакавіка стала вядома, што 18 сакавіка пайшоў з жыцьця знакаміты беларускі хакеіст Канстанцін Кальцоў. Апошнім часам ён працаваў памочнікам трэнэра ў башкірскім «Салавату Юлаеву» з Уфы, у складзе якога ў 2011 годзе здабыў свой галоўны трафэй як гулец — Кубак Гагарына (прыз за перамогу ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе).

28 студзеня 2003 году Канстанцін Кальцоў дэбютаваў у наймацнейшай хакейнай лізе сьвету — НХЛ. Ён стаў пятым беларусам у гісторыі лігі, перад ім былі Аляксандар Андрыеўскі, Алег Мікульчык, Уладзімер Цыплакоў і Руслан Салей.

За акіянам ён выступаў за аўтарытэтны клюб «Пітсбург Пінгвінз» разам з такімі легендамі хакею, як Марыё Лем'ё, Марцін Страка, Аляксей Кавалёў, Рэндзі Робітайл і Сідні Кросбі. Агулам за «пінгвінаў» Кальцоў будзе гуляць у 2002–2004 і 2005–2006, правядзе за іх 144 гульні, адзначыцца 12 шайбамі і 26 перадачамі.

Затым у Кальцова ў кар’еры будуць расейскія клюбы, у тым ліку згаданы «Салават Юлаеў», а завершыць кар'еру ён у 2016-м у менскім «Дынама». Пасьля гэтага Канстанцін працаваў трэнэрам у тым жа менскім «Дынама», «Берасьці», маладачанскім «Дынама», і ў расейскіх «Спартаку» (Масква) і «Салавату Юлаеву» (Уфа).

18 сакавіка стала вядома, што беларус пакіне Ўфу. Паводле папярэдняй інфармацыі, Кальцову прапаноўвалі ўзначаліць менскае «Дынама» і зборную Беларусі. Але неўзабаве прыйшло паведамленьне пра сьмерць Кальцова ў Маямі.

Праўдападобна, Кальцоў наведваў ЗША, каб правесьці час са сваёй дзяўчынай — знакамітай беларускай тэнісісткай Арынай Сабаленкай, якая даўно жыве і трэнуецца ў гэтай краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG