Як стала вядома кіраўніку фонду ByHelp Аляксею Лявончыку, да Сяргея Ерамеева не пускаюць адвакатку. Але ён дакладна застаецца ў расейскай турме ў Ляфортава.
Абаронцу да Ерамеева не пусьцілі ўжо ў чарговы раз, спасылаюцца на неабходнасьць дазволу сьледчага. Імя сьледчага не даюць.
Пры гэтым справу адвакатцы таксама не выдаюць, спасылаючыся на тое, што неабходна падпісаць дамову аб абароне са сваякамі. Або патрэбны дазвол сьледчага, каб атрымаць справу ў судзе.
«У справах іншых людзей, якіх абвінавачвалі ў дывэрсіях у Расеі, назіралася тая самая тэндэнцыя. Не пушчаць незалежных адвакатаў. Адзіная прычына, якая таму можа быць — прымусіць чалавека ў ізаляцыі прызнаць сваю віну з фармальнай прысутнасьцю прызначана дзяржаўнага адваката. Мы будзем спрабаваць іншыя шляхі. Яны ёсьць», — напісаў Лявончык.
Сяргея Ерамеева арыштавалі ў сьнежні 2023 году. Яму ставяць у віну арганізацыю падрываў двух грузавых чыгуначных саставаў у тунэлі БАМ у лістападзе 2023 году, у выніку чаго магістраль была паралізаваная. Пасьля арышту Сяргея Ерамеева этапавалі ў СІЗА ў Улан-Удэ. Пазьней месяц было невядома, дзе ён.
У паведамленьні адзначаецца, што Сяргея Ерамеева затрымалі не пазьней як 7 сьнежня 2023 году ў Омску, потым яго перавезьлі ў сьледчы ізалятар у Іркуцку, а там паведамілі пра яго этапаваньне ў кірунку Улан-Удэ.
У канцы студзеня стала вядома, што беларуса перавезьлі ў Маскву, але ў маскоўскіх ізалятарах праваабаронцы яго не знайшлі. Пазьней высьветлілася, што ён знаходзіцца ў СІЗА «Ляфортава» ў Маскве.