Праваабаронца Андрэй Стрыжак паведаміў, што знайшоўся беларус Сяргей Ерамееў, якога вінавацяць у выбухах на чыгунцы ў Бураціі. Ён знаходзіцца ў СІЗА «Ляфортава» ў Маскве.
Раней ягонае месцазнаходжаньне спрабавалі вызначыць беларускія праваабаронцы. Ім дапамаглі ў гэтым расейскія калегі. Стрыжак піша, што бліжэйшым часам да Сяргея Ерамеева паспрабуе трапіць адвакат.
Сяргея Ерамеева арыштавалі ў сьнежні 2023 году. Яму ставяць у віну арганізацыю падрываў двух грузавых чыгуначных саставаў у тунэлі БАМ у лістападзе 2023 году, у выніку чаго магістраль была паралізаваная. Пасьля арышту Сяргея Ерамеева этапавалі ў СІЗА ў Улан-Удэ. Пазьней месяц было невядома, дзе ён.
У паведамленьні адзначаецца, што Сяргея Ерамеева затрымалі не пазьней як 7 сьнежня 2023 году ў Омску, потым яго перавезьлі ў сьледчы ізалятар у Іркуцку, а там паведамілі пра яго этапаваньне ў кірунку Улан-Удэ.
У канцы студзеня стала вядома, што беларуса перавезьлі ў Маскву, але ў маскоўскіх ізалятарах праваабаронцы яго не знайшлі.