Паводле паведамленьняў СМІ, 6 сакавіка ў Карэліі супрацоўнікі ФСБ забілі беларуса Мікалая Аляксеева. Яго падазравалі ў рыхтаваньні дывэрсіі. Нібыта ён зьбіраўся падарваць адміністрацыйны будынак у горадзе Аланец. Гэта ўжо ня першы выпадак, калі беларусаў у Расеі абвінавачваюць у «партызанцы» супраць вайны ва Ўкраіне.
Адзін з самых вядомых прыкладаў — 51-гадовы Сяргей Ерамееў. Яго затрымалі ў сьнежні 2023 году ў Омску. Беларуса абвінавацілі ў падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў Бураціі.
У паведамленьнях, якое давала расейскае ФСБ, Ерамееў тлумачыў свой учынак тым, што хацеў паралізаваць перавоз вайсковай тэхнікі бліжэй да Ўкраіны. Таксама расейскія спэцслужбы паведамлялі, што выбухоўку Ерамееў атрымаў яшчэ ў Беларусі, а потым перавёз яе на Далёкі Ўсход Расеі.
Пра Сяргея Ерамеева вядома, што ён працаваў на «Нафтане», а ў 2020 годзе далучыўся да пратэстаў. Цяпер ён зьняволены ў СІЗА «Лефортава» ў Маскве.
У лютым 2024 году ў Варонежы супрацоўнікі ФСБ затрымалі 24-гадовага грамадзяніна Беларусі. Яго абвінавацілі ў падпале цягавай электрападстанцыі ў Туле.
ФСБ паведаміла, што беларус адбываў пакараньне на радзіме за хуліганства, а потым нібыта быў завэрбаваны супрацоўнікамі СБУ.
У Туле, маўляў, грамадзянін Беларусі павінен быў падпаліць яшчэ помпавую і трансфарматарную падстанцыі. Затрыманаму пагражае да 20 гадоў зьняволеньня паводле крымінальнага артыкулу «Дывэрсія».
У кастрычніку 2023 году ў акупаваным Расеяй Крыме затрымалі 61-гадовага грамадзяніна Беларусі Вячаслава Піскунова. Яго абвінавацілі ў спробе забойства расейскага вайскоўца ў Джанкоі, тады быў падарваны аўтамабіль.
Пра Піскунова вядома, што, апроч беларускага грамадзянства, ён меў і расейскае, а таксама дазвол на жыхарства ў Чэхіі.
Падчас ператрусу, як сьцьвярджае ФСБ, у яго знайшлі два кіляграмы гексагену, пісталет-кулямёт і больш за сотню патронаў. Матываў учынку беларуса не называлі.
У чэрвені 2023 году ў Маскве быў затрыманы яшчэ адзін ураджэнец Беларусі Эдуард Б., яго абвінавацілі ў падпале рэлейных шафаў на чыгунцы. Праўда, у затрыманага было грамадзянства Казахстану.
Расейскія сілавікі паведамлялі, што за сваю працу Эдуард атрымаў на крыптагаманец 30 тысяч расейскіх рублёў. Мужчыну абвінавацілі паводле артыкула «Прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартных сродкаў ці шляхоў зносінаў».