Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праверка на паліграфе як панацэя: ці можна верыць «дэтэктару хлусьні»


Паліграфоляг накладвае электроды на пальцы паддосьледнага ў Багаце, Калюмбія. 12 чэрвеня 2007 году
Паліграфоляг накладвае электроды на пальцы паддосьледнага ў Багаце, Калюмбія. 12 чэрвеня 2007 году

Слова «паліграф» неяк незаўважна перабралася з кінаэкранаў ў сучасны сьвет і нават набыло аўтарытэтнае гучаньне. На паліграфе правяраюць кандыдатаў на працу на дзяржаўныя прадпрыемствы, гэта, відаць, абавязковы складнік працэдуры прыёму на працу сілавікоў.

Часам паліграфам карыстаюцца і ў дэмакратычных структурах у эміграцыі — каб «пацьвердзіць давер».

У шпіёнскіх фільмах і дэтэктыўных сэрыялах паліграф часта паказваюць як магутны інструмэнт: маўляў, дастаткова падключыць чалавека да сэнсараў — і прылада адразу выявіць падман.

Аднак навуковая рэальнасьць значна адрозьніваецца ад кіно. Разьбяромся, што менавіта вымярае паліграф, чаму людзі памылкова атаясамліваюць гэтыя паказьнікі з падманам, а таксама паглядзім, як паліграф выкарыстоўваюць у Беларусі і чаму гэтая практыка ня самая дакладная з гледзішча сучаснае навукі.

«Беспамылковая машына праўды»

Паліграф, вядомы ў народзе як «дэтэктар хлусьні», у сваёй істоце ёсьць прыладаю для вымярэньня фізіялягічных паказьнікаў. Падчас тэсту сэнсары рэгіструюць такія рэакцыі арганізму, як частата біцьця сэрца і крывяны ціск, рытм дыханьня, электраправоднасьць скуры (вылучэньне поту) і іншыя паказьнікі стрэсу. Мяркуецца, што калі чалавек хлусіць, ягоныя фізіялягічныя рэакцыі мяняюцца — павышаецца ціск, паскараецца пульс і г. д.

Паліграф фіксуе толькі фізіялягічныя рэакцыі, а не самую хлусьню

Вера ў паліграф як «дэтэктар хлусьні» сілкуецца ня гэтулькі навукай, колькі папулярнай культурай. У фільмах і тэлешоў яго паказваюць як амаль беспамылковую машыну праўды, здольную выкрыць кожнага. Гэтае ўяўленьне замацавалася і ў грамадзкай сьвядомасьці: калі прыладу выкарыстоўваюць паліцыя, спэцслужбы і экспэрты, значыць, яна працуе.

Насамрэч паліграф фіксуе толькі фізіялягічныя рэакцыі (стрэс, хваляваньне), а не самую хлусьню. Але сам эфэкт прысутнасьці прылады і аўтарытэт чалавека, што яе ўключае, выклікае напружаньне — і ў вачах многіх гэта ўспрымаецца як «дакладны навуковы працэс». Так паліграф пераўтвараецца з інструмэнта назіраньня ў інструмэнт веры: ён «працуе», бо людзі ўпэўненыя, нібыта ён працуе.

Стары дэтэктар хлусьні выстаўлены ў інтэрактыўным шпіёнскім музэі Spyscape у Нью-Ёрку, фота: 12 лютага 2018 году
Стары дэтэктар хлусьні выстаўлены ў інтэрактыўным шпіёнскім музэі Spyscape у Нью-Ёрку, фота: 12 лютага 2018 году

«Дэтэктар хлусьні» у Беларусі

У Беларусі вера ў «праўдападобнасьць» паліграфа таксама даволі пашыраная — настолькі, што яго выкарыстоўваюць у самых розных сфэрах, ад дзяржаўных службаў да прыватнага сэктару, нягледзячы на сумнеўную выніковасьць.

Для беларускіх сілавых ведамстваў праверкі на паліграфе сталі звыклаю справаю. Цяпер яго праходзяць ня толькі кандыдаты ў Сьледчы камітэт, але і абітурыенты профільных ВНУ.

На дзяржаўных прадпрыемствах, асабліва ў абароннай прамысловасьці (БелОМА, «Пеленг»), паліграф выкарыстоўваюць для адсеву «ненадзейных» супрацоўнікаў. Яго ўжываюць, прымаючы на працу і нават працягваючы кантракт. У выніку звальняюць дасьведчаных адмыслоўцаў, што часта зьвязана не з прафэсійнай прыдатнасьцю, а з палітычнай пазыцыяй.

Паліграф выкарыстоўваюць як інструмэнт ціску

На «Гродна-Азоце», напрыклад, кантракты з працаўнікамі не перазаключаюць пасьля «няўдалых» вынікаў праверкі на паліграфе, а пытаньні на ім — пра стаўленьне да ўлады. Гэта прыводзіць да дэфіцыту кадраў і паралізуе вытворчасьць.

У 2023 годзе ў Кобрыні КДБ затрымаў украінца Арцёма Макавея, а перад гэтым яму прапанавалі прайсьці паліграф без тлумачэньня прычын. Пасьля адмовы яго затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА як «пагрозу Рэспубліцы Беларусь». У такіх выпадках паліграф выкарыстоўваюць як інструмэнт ціску: сам факт адмовы ці правалу тэсту можа трактавацца як віна, хоць юрыдычнай вагі тэст ня мае.

У Беларусі няма асобнага закону пра паліграф. Яго выкарыстоўваюць на падставе ведамасных інструкцыяў, найчасьцей у сілавых структурах і падчас кадравых праверак. У крымінальным працэсе вынікі паліграфа ня ёсьць доказам, іх нельга выкарыстаць у судзе згодна з артыкулам 101 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Яны разглядаюцца як дапаможная інфармацыя, а ня самастойны доказ.

Згодна з інструкцыяй аб выкарыстаньні паліграфа, якую пракуратура зацьвердзіла ў 2024 годзе, праверка фармальна павінна быць добраахвотнай. Але з шасьці мэтаў гэтай праверкі пяць засакрэчаныя, а дакумэнт дае шырокія магчымасьці ўжываць паліграф.

І ў апазыцыі

Вера ў паліграф пранікла і ў шэрагі беларускай апазыцыі. У чэрвені 2023 году частка каманды ByPol абвінаваціла сваё кіраўніцтва ў непразрыстых дзеяньнях (у тым ліку фінансавых), узьнік скандал у мэдыя. Каб аднавіць давер, бакі пагадзіліся правесьці незалежны аўдыт і праверку ўсіх удзельнікаў на паліграфе. Фактычна ByPol разьдзяліўся на дзьве групы, адна зь іх зьмяніла назву на BelPol, але галоўнае — усе ключавыя дзеячы далі згоду прайсьці «тэст на хлусьню» для пацьвярджэньня сваёй шчырасьці і сумленнасьці перад калегамі.

Прычынай канфлікту стала нежаданьне некаторых сяброў праходзіць такі тэст

Цікава, што прычынай канфлікту стала нежаданьне некаторых сяброў праходзіць такі тэст: прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў сьцьвярджаў, што некалькі супрацоўнікаў (сярод іх Мацьвей Купрэйчык) адмовіліся ад паліграфа і былі звольненыя, што і справакавала раскол. Іншы бок канфлікту гэта адмаўляў, але факт застаецца: нават апазыцыйныя былыя сілавікі схільныя давяраць паліграфу як сродку праверкі «надзейнасьці» адзін аднаго.

Паліграф як частку праверкі праходзіла IT-прадпрымальніца Тацьцяна Зарэцкая, якая правяла на пасадзе прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў фінансах і эканоміцы меней за 2 месяцы.

Прапанова выкарыстаць паліграф для праверкі супрацоўнікаў узьнікала ў Каардынацыйнай Радзе, аднак яе амаль аднагалосна адхілілі.

Даклад ЦРУ: вынікі паліграфа залежаць ад суб’ектыўнага тлумачэньня

Сучасная мэдыцына і псыхалёгія аднагалосна сьведчаць: паліграф ня можа служыць дакладным інструмэнтам выяўленьня хлусьні. Нацыянальная акадэмія навук ЗША яшчэ ў 2003 годзе правяла маштабную праверку ўсіх даступных дасьледаваньняў аб эфэктыўнасьці паліграфа.

У дакладзе ЦРУ 1983 году «The Accuracy and Utility of Polygraph Testing» аналізуецца эфэктыўнасьць паліграфа ў розных сытуацыях — ад крымінальных справаў да кадравых праверак. Адна з ключавых высноваў — вынікі паліграфа вельмі залежаць ад суб’ектыўнага тлумачэньня, таму іх нельга лічыць дакладнымі ці аб’ектыўнымі.

Нават пры «станоўчым выніку» паліграфу патрэбная дадатковая праверка іншымі мэтадамі

Пры суб’ектыўнай ацэнцы (калі рашэньне прымае сам экзамэнатар на падставе ўражаньня) дакладнасьць тэсту склала 87,9%, а пры ўжываньні фармальнай колькаснай мэтодыкі — 98,9%.

Аднак у дакумэнце падкрэсьліваецца: гэтыя лічбы ненадзейныя, бо часта заснаваныя на ўнутраных ацэнках, а не на незалежным кантролі. Акрамя таго, у палявых умовах дакладнасьць можа моцна вагацца, і вынікі лёгка скажаюцца чалавечым фактарам, стрэсам або мэтадамі правядзеньня допыту.

У дакладзе таксама адзначаецца, што паліграф няможна выкарыстоўваць як самастойны доказ — яго варта ўспрымаць толькі як дапаможны інструмэнт, які можа падмацоўваць іншыя сьведчаньні. Нават пры «станоўчым выніку» паліграфу патрэбная дадатковая праверка іншымі мэтадамі.

У справаздачы самога ЦРУ ёсьць прызнаньне, што паліграф — недакладны і рызыкоўны мэтад, які ня можа гарантаваць праўдзівасьць або хлусьню і патрабуе крытычнага стаўленьня.

Студэнты вучацца праводзіць тэсты на паліграфе ў Лацінаамэрыканскім паліграфалягічным інстытуце ў Багаце, Калюмбія, 12 чэрвеня 2007 году
Студэнты вучацца праводзіць тэсты на паліграфе ў Лацінаамэрыканскім паліграфалягічным інстытуце ў Багаце, Калюмбія, 12 чэрвеня 2007 году

Ненадзейнасьць паліграфа — у яго фізіялягічнай аснове

Навуковыя зьвесткі сьведчаць пра ўразьлівасьць паліграфа і высокі працэнт памылак — як псэўдапазытыўных, так і псэўданэгатыўных. Паводле ацэнак, яго дакладнасьць складае 70–80%, што недастаткова для надзейнага інструмэнту. Суды ў большасьці краін не прымаюць вынікі паліграфа як доказ: у ЗША, напрыклад, Вярхоўны суд яшчэ ў 1998 годзе ў справе US v. Scheffer пацьвердзіў недапушчальнасьць выкарыстаньня паліграфа ў судзе празь яго недасканаласьць.

Паказьнікі лёгка зьмяняюцца пад уплывам стрэсу, страху, стомы ці нават тэмпэратуры

Фізіялягічная аснова паліграфа тлумачыць яго ненадзейнасьць. Прылада фіксуе рэакцыі вэгетатыўнай нэрвовай сыстэмы — біцьцё сэрца, дыханьне, патлівасьць. Але гэтыя паказьнікі лёгка зьмяняюцца пад уплывам стрэсу, страху, стомы ці нават тэмпэратуры — і ня сьведчаць наўпрост пра ману. Таму сумленны чалавек можа «заваліць» тэст ад хваляваньня, а добра трэнаваны хлус — прайсьці яго. Фізіялягічныя паказьнікі можна часова зьмяніць — напрыклад, лекі і наркотыкі ўзьдзейнічаюць на пульс і ціск, а некаторыя транквілізатары памяншаюць трывожнасьць. Калі чалавек перад тэстам прыняў заспакаяльны лек, вынікі паліграфа будуць скажоныя.

Наглядны прыклад: Ігар Макар, былы афіцэр «Алмазу», даваў інтэрвію на паліграфе для перадачы «Шчыра кажучы» — і паліграфіст ня змог аддзяліць рэакцыю прылады на праўду і хлусьню, бо яны былі аднолькавымі.

Навукоўцы ўжо даўно шукаюць больш дакладныя мэтады выяўленьня хлусьні — напрыклад, аналіз мазгавой актыўнасьці і галасавога стрэсу. Аднак ніводзін зь іх пакуль не дасягнуў 100% дакладнасьці.

Дзе і навошта яшчэ выкарыстоўваюць паліграф

Нягледзячы на крытыку і навуковыя сумневы, паліграф надалей выкарыстоўваюць у шэрагу краінаў, найчасьцей у сфэры бясьпекі, кадравых праверак і падчас сьледзтваў.

  • ЗША — шырока выкарыстоўваюць ЦРУ, ФБР, АНБ і іншыя агенцтвы для праверкі на надзейнасьць. У судах не прызнаецца. У прыватным сэктары яго выкарыстаньне моцна абмежаванае законам.
  • Канада — паліграф ужываюць для доступу да сакрэтнай інфармацыі, але ў судах выкарыстаньне вынікаў тэсту як доказаў недапушчальнае.
  • Бэльгія — адна з нямногіх краінаў Эўропы, дзе паліграф можа выкарыстоўвацца ў судзе. Міністэрства юстыцыі Бэльгіі адназначна падкрэсьлівае: вынікі паліграфа ніколі ня могуць быць падставай ні для абвінавачаньня, ні для апраўданьня. Паколькі дакладнасьць гэтага мэтаду не дасягае 100%, яго можна выкарыстоўваць толькі як дадатковае падмацаваньне іншых доказаў, а не як самастойны інструмэнт.
  • Калюмбія, Індыя, Паўднёвая Афрыка — шырокае выкарыстаньне і ў дзяржаўным, і ў прыватным сэктары, у тым ліку для праверак супрацоўнікаў і падчас расьсьледаваньняў.
  • Сэрбія, Расея, Кітай — выкарыстоўваюць паліцыя і спэцслужбы, пераважна дзеля праверак на «ляяльнасьць».

Шмат якія дзяржавы працягваюць выкарыстоўваць паліграф найперш у сфэрах нацыянальнай бясьпекі, дзе важная ня толькі праўдзівасьць адказаў, але і агульная ацэнка рызыкі. У Літве прапануюць правяраць на паліграфе іншаземцаў, якія могуць пагражаць нацыянальнай бясьпецы. У падобных выпадках паліграф ужываецца не як канчатковы доказ, а як частка комплексу праверак — разам зь лінгвістычнымі, фаналягічнымі і псыхалягічнымі экспэртызамі.

Такі падыход грунтуецца на разуменьні, што паліграф сам па сабе не дае надзейнага выніку, але можа даць дадатковыя зьвесткі для агульнай аналітычнай ацэнкі. У выніку рашэньне прымаецца на падставе некалькіх крыніц інфармацыі, а ня толькі «рэакцыі цела». Менавіта таму нават у тых краінах, дзе паліграф выкарыстоўваюць, яму рэдка давяраюць на 100%. Амэрыканская псыхалягічная асацыяцыя падкрэсьлівае, што ніякія высновы, зробленыя выключна на падставе паліграфа, нельга лічыць канчатковай праўдай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG