Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ахвяры маўчаць, мы будзем крычаць». Арганізатарка і ўдзельнік акцыі #хопіцьгвалціць тлумачаць, што зьменіць марш «Яе звалі Ліза»


Наста Базар, Максім Паршута, марш "Яе звалі Ліза". Ілюстрацыйны каляж
Наста Базар, Максім Паршута, марш "Яе звалі Ліза". Ілюстрацыйны каляж

У Варшаве адбываецца марш «Яе звалі Ліза» ў памяць пра беларуску, якая памерла ў выніку згвалтаваньня. У сацсетках беларускі і беларусы працягваюць дзяліцца гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт. Ці зьменіць гэта стаўленьне ў грамадзтве да праблемы гендэрнага гвалту ў дачыненьні да жанчын?

Абмяркоўваюць Наста Базар, ініцыятарка акцыі #хопіцьгвалціць і адна з арганізатарак маршу «Яе звалі Ліза», стваральніца і піяршчыца сацыяльных праектаў, радыкальная фэміністка і нізавая актывістка, і Максім Паршута, блогер, аўтар ютуб-каналу «Максымальна», чый пост у сацсетках пад хэштэгам #хопіцьгвалціць падштурхнуў мужчынаў узяць удзел у гэтай акцыі.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

— Наста, марш «Яе звалі Ліза» быў ініцыяваны і арганізаваны беларускімі, польскімі і ўкраінскімі фэміністкамі. Я ведаю, колькі намаганьняў вы асабіста прыклалі для яго арганізацыі, працуючы ў рэжыме 24/7. Мы размаўляем за некалькі гадзінаў да пачатку маршу. Як ён пройдзе? Якая асноўная задача гэтага маршу?

Наста Базар: Задачы ў розных актывістак трошкі розныя. Польскія актывісткі робяць акцэнт на тым, што Лізе не дапамаглі. Я б не рабіла такі акцэнт, бо ня ведаю, як кожная і кожны з нас паступілі б, калі б былі побач. Некалькі гадзінаў таму я была на месцы трагедыі (сама жыву не ў Варшаве, таму толькі сёньня там была) і расплакалася вельмі моцна. Гэта прыступкі на вуліцы, гэта нават не пад’езд, ня арка. Гэта супэрбачнае месца, і я вельмі была шакаваная гэтым фактам. Польскія каляжанкі хочуць зьвярнуць увагу на зьмену заканадаўства, бо на дадзены момант ёсьць недакладныя фармулёўкі ў польскім заканадаўстве пра тое, што ёсьць сэксуалізаваны гвалт, і яны хочуць гэта мяняць.

Што тычыцца майго асабістага парадку дня, то самы галоўны мэсыдж, які я хачу данесьці, — гэта каб абсалютна кожная жанчына, у прыватнасьці, кожная беларуска ведала, што яна ніколі ня будзе адна ў такой сытуацыі, і каб кожная жанчына ведала, што заўсёды будуць жанчыны, якія яе падтрымаюць і дапамогуць. Я буду пералічваць арганізацыі, якія дапамагаюць беларускім жанчынам, якія знаходзяцца ў эміграцыі і якія знаходзяцца ў Беларусі. Мой другі мэсыдж маршу — заклікаць мужчын падтрымліваць жанчын, перастаць гвалціць. І калі я кажу «перастаць гвалціць», я не абвінавачваю кожнага мужчыну ў гвалце, але я кажу пра тое, што сэксісцкі жарт, жарт пра гвалт, неабарона жанчын у мэдыяпрасторы, у фізычнай прасторы — гэта ўсё замоўчваньне сытуацыі гвалту. Гвалт квітнее, калі пра яго нічога ня кажуць.

— З Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту, былой кіраўніцай шэлтэру для жанчын — ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава», я размаўляла і пра гібель Лізы, і пра праблему хатняга гвалту. Яна кажа: «Мужчыны павінны паверыць, што гэта не прыдуманая праблема, прыняць як рэальнасьць: калі такая вялікая колькасьць пацярпелых жанчын, значыць, ёсьць такая вялікая колькасьць мужчын, якія гвалтуюць». Максім, чаму вы вырашылі паўдзельнічаць у акцыі #хопіцьгвалціць? Чаму вы лічыце важным удзел мужчын? І ці лічыце вы яго дастатковым?

Максім Паршута: Для мяне гэта было важна, бо калі я чытаю камэнтары пад гісторыямі жанчын, якія расказваюць пра свой досьвед гвалту над імі, калі я бачу дзясяткі, сотні камэнтароў «сама вінаватая», «ня трэба было адзявацца такім чынам», мне становіцца фізычна балюча. Калі чытаеш такія камэнтары, можа скласьціся ўражаньне, што ўсе мужчыны такія і думаюць так. Мне падаецца, што гэта, так бы мовіць, адвакацыя мужчын, што мы ня ўсе так робім. Нават калі нехта з нас так рабіў, гэта важная рэфлексія таксама — зрабіць рэвізію ўласных учынкаў, словаў, дзеяньняў, дзе, магчыма, кожны з нас несьвядома, не жадаючы таго, усё ж чыніў гвалт. Я не кажу пра выпадкі згвалтаваньня, а пра пэўныя жарты, нібы нявінны флірт, які пераходзіць у дамаганьні, пэўныя жарты на працы. Найчасьцей за імі не стаіць нейкага зла, з другога боку, ня хочацца апраўдваць мужчын, якія гэта робяць. Прычынаў гэтага шмат, гэта і сацыялізацыя, і тое, як нам кажуць, што трэба заўсёды дабівацца жанчын, што «не» — гэта «так».

Гэта ўсё вельмі шкодныя ўстаноўкі, і мы бачым гэта. На жаль, мужчыны, не сутыкаючыся з эфэктам гэтых установак, не заўсёды разумеюць праблемы. Таму так важна, каб іншыя мужчыны, як я, Павал Сьлюнкін і іншыя, выступалі, падтрымлівалі жанчын, паказвалі сваю салідарнасьць. Не пагаджацца з сэксізмам, з дамаганьнямі, казаць іншым мужчынам, што мы ня згодныя зь іх паводзінамі, асуджаем іх, рабіць іх нерукапаціскальнымі. Гэта вельмі складана. Гэта дакладна можа быць страшна. Гэта непрывычна. Але гэта важнае разьвіцьцё, якое нас чакае і да якога я хачу, каб прывяла ў тым ліку гэтая акцыя і такое шырокае абмеркаваньне праблемы.

— Калі расьсьледавалі абставіны згвалтаваньня, знайшліся сьведкі, якія казалі, што бачылі згвалтаваньне, але не зразумелі, што гэта яно, таму што ахвяра маўчала. Важны момант — маўчаньне ахвяры ня толькі падчас згвалтаваньня, але і пазьней, калі не заяўляюць пра яго і гвалтаўнік застаецца непакараным. Як гэта будзе адлюстравана ў маршы?

Наста Базар: Вельмі важна казаць пра гэтае маўчаньне, што маўчаньне ня роўнае згодзе. Статыстыка кажа, што каля 70% жанчын у сытуацыі гвалту маўчаць, таму што яны проста ў ступары. Вялікая колькасьць жанчын не разумее, што адбываецца. У мяне не было сэксуалізаванага гвалту, але я ведаю гэтую сытуацыю, калі ты да апошняга не разумееш, што адбываецца, што гэта ўжо яно. Сёньня мы будзем гаварыць пра маўчаньне. Мы хацелі зрабіць марш у цішыні. Ён насамрэч будзе ў цішыні, менавіта сам марш. Пэўны кавалак маршу мы будзем ісьці ў цішыні. У нас зьявілася жаданьне крычаць, таму мы будзем крычаць у тым ліку.

Пачнецца акцыя на месцы трагедыі. Гэта будуць прамовы жанчын. Бо гэта жанчыны зрабілі. Таму што ніхто з мужчын не выключаў жаданьня гаварыць. Сёньня час жанчын. Гэта будуць беларускія, украінскія і польскія актывісткі. І скончыць прамову Яна Шостак, яка ў 2020 годзе крычала вельмі голасна за Беларусь. Сёньня яна будзе крычаць за жанчын. І мы ўсе разам будзем крычаць. Пасьля да нас далучыцца цудоўны хор жанчын. Будуць у асноўным жалобныя песьні. Пад іх сьпевы мы будзем ставіць сьвечкі і далей пойдзем у цішыні. Калі дойдзем да Палаца культуры, мы зноў будзем слухаць жалобныя песьні і зноў пакрычым. Я лічу вельмі важным, каб вялікая колькасьць людзей пачула наш крык, наш сумесны крык. Але пры гэтым важна вытрымаць гэтую цішыню, якая часам нават палохае, таму што, папраўдзе, вялікая колькасьць жанчын ня можа нават крыкнуць.

— Максім, я ведаю, што вы пойдзеце на марш. Якая ваша матывацыя? Якую пазыцыю вы хочаце данесьці?

Максім Паршута: Мне хочацца паказаць прыклад іншым мужчынам. Мне важна паказаць падтрымку жанчынам, што ёсьць мужчыны — ня толькі гвалтаўнікі. Гэта не пра тое, што ня трэба нас пад адзін капыл, ня трэба лічыць нас небясьпечнымі. Мне падаецца, што трэба, на жаль. З таго, што я чытаю ў гісторыях жанчын пад хэштэгамі #хопіцьгвалціць, шчыра кажучы, гэта шакуючы досьвед, нават калі чытаеш. І я не ўяўляю, наколькі шакуе і траўмуе, калі перажываеш асабіста. Таму для мяне важна паказаць, што нягледзячы на тое, што мы, мужчыны, ня можам перажыць гэты досьвед, мы можам падтрымаць іх.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG