З пачатку лютага ў Беларусі ня менш за 100 чалавек трапілі пад судовы перасьлед за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці» па арт. 24.15 КаАП, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Артыкул прадугледжвае штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў з канфіскацыяй атрыманай дапамогі.
Усяго, паводле абноўленых зьвестак, падчас масавага рэйду сілавікоў у канцы студзеня пад перасьлед трапілі ня менш як 287 чалавек, большасьць зь іх — жанчыны. Адной з прычынаў ператрусаў, допытаў і затрыманьняў стала дапамога сем’ям палітвязьняў з прадуктовымі перадачамі празь Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY.
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка адзначыў, што гэта «адвольны перасьлед людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правілаў».
Праваабаронцы рэкамэндуюць абскарджваць рашэньне суду на працягу дзесяці дзён з моманту вынясеньня рашэньня. Абскарджваньне «дае шанец на адмену пастановы, а таксама дазваляе адцягнуць час для выплаты штрафу мінімум на два месяцы». Таксама гэта дае магчымасьць дакумэнтальна пацьвердзіць факт палітычнага перасьледу, падкрэсьліваецца ў рэлізе.
Праект INeedHelpBY створаны ў 2020 годзе, аказвае харчовую дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій. 16 студзеня прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
З боку IneedHelpBY не было «ніякіх узломаў сыстэмы і выцекаў інфармацыі», якія маглі б справакаваць хвалю ператрусаў і затрыманьняў, заявіў кіраўнік ініцыятывы Філіп Гаўрышаў.