Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча правядзе вучэньні ў адказ на беларуска-расейскія манэўры «Захад-2025»


Намесьнік міністра абароны Польшчы Цэзарый Томчык, архіўнае фота
Намесьнік міністра абароны Польшчы Цэзарый Томчык, архіўнае фота

Намесьнік міністра абароны Польшчы Цэзарый Томчык заявіў, што яго краіна «адэкватна» адрэагуе на беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025», якія пройдуць у верасьні 2025 году.

Заява прагучала ў этэры радыёстанцыі RMF FM.

Паводле Томчыка, вучэньні «Захад-2025» не ўяўляюць небясьпекі для Польшчы, але краіна «адрэагуе» на гэтыя вучэньні «адэкватным чынам» і таксама правядзе вучэньні на тэрыторыі сваёй краіны.

«У Польшчы пройдуць буйныя польскія і натаўскія вучэньні, а таксама маштабныя манэўры. Давайце таксама ўзгадаем, што летась мы сталі сьведкамі найбуйнейшных у гісторыі вучэньняў NATO, у якіх прынялі ўдзел каля 100 тысяч вайскоўцаў», — сказаў ён.

Беларуска-расейскія сумесныя вучэньні «Захад-2025» пройдуць у Беларусі ў верасьні 2025 году. У студзені начальнік дэпартамэнту міжнароднай вайсковай супрацы — памочнік міністра абароны Беларусі Валеры Равенка паведаміў, што да манэўраў плянуюць прыцягнуць больш за 13 тысяч чалавек.

Акрамя гэтага, у верасьні ў Беларусі пройдуць тры вайсковыя вучэньні Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) — «Узаемадзеяньне-2025», «Пошук-2025» і «Эшалён-2025» — задумы якіх цесна зьвяжуць з мэтамі вучэньняў «Захад-2025».

Раней у красавіку міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што адказ NATO на вучэньні «Захад-2025» у Беларусі будзе залежаць ад колькасьці задзейнічаных расейскіх і беларускіх сіл і сродкаў. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў лютым казаў, што вучэньні «Захад» не павінны выклікаць дадатковых асьцярогаў, бо Літва і яе хаўрусьнікі таксама праводзяць вучэньні і рыхтуюцца да патэнцыйных пагрозаў.

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Украіны Аляксандар Сырскі заявіў, што ўкраінскі бок будзе ўлічваць факт правядзеньня ўвосень на тэрыторыі Беларусі супольных з Расеяй вайсковых вучэньняў «Захад-2025».

У лютым 2022 года адбылося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну пасьля завяршэньня сумесных ваенных вучэньняў дзьвюх краін у Беларусі. Расейскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Ўкраіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG