Пачынаючы з 12:00 дня маштабнае адключэньне электраэнэргіі закранула мільёны грамадзян па ўсёй Гішпаніі, за выключэньнем астравоў, і Партугаліі, піша El Pais.
Адключэньні паралізавалі нармальную працу інфраструктуры, камунікацый, чыгуначных вакзалаў, аэрапортаў, прадпрыемстваў і будынкаў. У Мадрыдзе паліцыя атачыла некаторыя важныя будынкі, паведамляе Reuters.
Гішпанскі апэратар электрасетак Red Eléctrica заявіў, што працуе з энэргетычнымі кампаніямі над аднаўленьнем электразабесьпячэньня і «аналізуе» яго прычыны.
У Мадрыдзе эвакуавалі частку мэтрапалітэну, а на вуліцах зьявіліся заторы. Гішпанскі апэратар аэрапортаў AENA заяўляе, што аэрадромы «адчуваюць пэўныя перабоі» з прычыны адключэньня сьвятла, працуюць рэзэрвовыя генэратары, перадае Reuters.
Партугальская паліцыя паведаміла, што сьвятлафоры выйшлі са строю па ўсёй краіне, мэтро ў Лісабоне і Порту было зачыненае, а цягнікі не курсавалі, дадае агенцтва.
Партугальская агенцыя Lusa паведаміла, што праблемы здарыліся не ўнутры краіны.
El Mundo паведамляе, што адключэньні адбыліся і ў некаторых раёнах Францыі.
Урады Гішпаніі і Партугаліі расьсьледуюць сытуацыю з адключэньнем электраэнэргіі, у тым ліку на прадмет кібэратакі, з прыцягненьнем розных тэхнічных групаў зь некалькіх міністэрстваў.
Форум