Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зноў абвясьціла перамір’е, гэтым разам да Дня перамогі. Украіна і ЗША адрэагавалі

абноўлена

Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Пуцін аб'явіў перамірʼе ў дні сьвяткаваньня 80-годзьдзя Перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Папярэдняе абвешчанае Расеяй Велікоднае перамір’е скончылася апоўначы 21 красавіка.

Паводле рашэньня Ўладзіміра Пуціна, «зыходзячы з гуманітарных меркаваньняў, у дні 80-й гадавіны Перамогі — з нуля гадзін з 7 на 8 траўня да нуля гадзін з 10 на 11 траўня — расейскі бок абʼяўляе перамірʼе».

На гэты пэрыяд спыняюцца ўсе баявыя дзеяньні, піша прэс служба Крамля і дадае:

«Расея лічыць, што ўкраінскі бок павінен рушыць усьлед гэтаму прыкладу».

У выпадку парушэнняў перамірʼя ўкраінскім бокам Узброеныя сілы Расеі пагражаюць адказам.

Расейскі бок таксама заявіў аб гатоўнасьці да мірных перамоваў без папярэдніх умоў, «накіраваных на ліквідацыю першапрычын ўкраінскага крызісу, канструктыўнаму ўзаемадзеяньню з міжнароднымі партнэрамі».

У Кіеве ўжо адрэагавалі. Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў:

«Калі Расея сапраўды жадае міру, яна мусіць спыніць агонь неадкладна. Чаму чакаць 8 траўня? Калі агонь можа быць спынены цяпер і ў любы дзень з 30-дзённага перамір’я — гэта рэальна, ня толькі напаказ.

Украіна гатовая да трывалага, даўгавечнага і пастаяннага спыненьня агню. І гэта тое, што мы прапаноўваем, прынамсі гэтыя 30 дзён».

Адрэагаваў на пуцінскую прапанову і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Прэс-сакратарка Белага дому Каралін Левіт адзначыла, што «ён усё больш расчароўваецца ў лідэрах абедзвюх краін».

«Ён хоча бачыць пастаяннае спыненьне агню. Наколькі я разумею, Уладзімір Пуцін сёньня раніцай прапанаваў часовае спыненьне. Прэзыдэнт даў зразумець, што спачатку хоча бачыць пастаяннае спыненьне агню, каб спыніць забойствы, спыніць кровапраліцьце».

Як выконвалі Велікоднае перамір’е

Паводле дакладу галоўнакамандуючага Ўзброенымі Сіламі Ўкраіны Аляксандра Сырскага, за Вялікдзень расейскія войскі 2,9 тысячы разоў парушылі аб’яўленае Расеяй спыненьне агню.

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што ў дзень «велікоднага перамір’я» расейскія войскі зьдзейсьнілі больш за 1880 нападаў, на фронце было 96 баёў.

У Міністэрстве абароны Расеі тады заявілі, што працягваюць баявыя дзеяньні пасьля Велікоднага перамір’я.

Перад гэтым, увечары 20 красавіка, нягледзячы на паведамленьні аб парушэньні перамірʼя, Зяленскі заявіў, што Ўкраіна прапануе адмовіцца ад якіх-небудзь удараў дальнабойнымі дронамі і ракетамі па грамадзянскай інфраструктуры на тэрмін сама меней 30 содняў з магчымасьцю падаўжэньня.

У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША таксама заклікалі прадоўжыць дзеяньне Велікоднага перамірʼя.

На заяву Зяленскага ў Маскве не адрэагавалі, а ў адказ на заклік Вашынгтона заявілі, што Кіеў быццам бы «не выконваў рэжым цішыні».

Аналітыкі адзначаюць, што часовае — і асабліва агульнае — пагадненьне аб спыненьні агню па грамадзянскай інфраструктуры запатрабуе надзейных мэханізмаў маніторынгу, публічных і афіцыйных умоваў і дакладна вызначаных часавых рамак. У ISW лічаць, што Крэмль можа працягваць выкарыстоўваць якія-небудзь невыразныя будучыя пагадненьні аб спыненьні агню, каб прыхаваць адмову Расеі ад прапановаў ЗША і Ўкраіны па спыненьні агню і абвінаваціць Украіну ў парушэньні такіх умоваў спыненьня агню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG