Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канкляў для выбараў новага папы Рымскага пачнецца 7 траўня


Белы дым падымаецца з коміна на даху Сыкстынскай капэлы, што азначае, што кардыналы абралі новага папу. Ватыкан, 13 сакавіка 2013 года
Белы дым падымаецца з коміна на даху Сыкстынскай капэлы, што азначае, што кардыналы абралі новага папу. Ватыкан, 13 сакавіка 2013 года

7 траўня рымска-каталіцкія кардыналы зьбяруцца на таемны канкляў, каб абраць новага лідэра сусьветнай каталіцкай царквы. Пра гэта паведамілі са спасылкай на крыніцы агенцтвы Reuters і Ansa, а пасьля пацьвердзіла прэс-служба Ватыкану.

Сыкстынскую капэлу зачыняць для публікі з 28 красавіка для правядзеньня канкляву. Таксама прыпыняюць усе наведваньні Ватыканскіх садоў і Нэкропаля Трыюмфальнай дарогі.

Кардыналы не павінны пакідаць капэлю да таго часу, пакуль не абяруць новага папу Рымскага. Папярэднія два канклявы, у 2005 і 2013 гадах, працягваліся ўсяго два дні. Швэдзкі кардынал Андэрс Арбарэліюс выказаў здагадку, што ў гэты раз абраньне пантыфіка зойме больш часу, бо многія кардыналы, нядаўна прызначаныя Папам Францішкам, яшчэ не знаёмыя адзін з адным. Агенцтвы зьвяртаюць увагу на тое, што барацьбу будуць весьці прыхільнікі нябожчыка папы Францішка, прыхільнікі рэформаў і больш лібэральнага падыходу да царквы, і кансэрватараў-традыцыяналістаў.

Дата пачатку канкляву вызначылі на закрытым сходзе кардыналаў у Ватыкане, першым пасьля пахаваньня папы Францішка ў суботу, паведаміла крыніца Reuters.

Розныя імёны магчымых пераемнікаў папы Францішка гучаць ужо некаторы час, адзначае ANSA: ад дзяржсакратара Ватыкану П’етра Параліна да арцыбіскупа Балоньні Матэа Марыя Цупі, ад лацінскага Патрыярху Ерусаліма П’ербатысты Піцабалы да вугорца Пэтэра Эрдо (арцыбіскуп Эстэргамска-Будапэшцкі), ад арцыбіскупа Марсэльскага, француза Жан-Марка Авеліна да нідэрляндзкага кардынала Вілема Эйка, ажно да філіпінца Луіса Тагле, які прадстаўляе Азіяцкую царкву, або кангалезца Фрыдаліна Амбонга Бэсунгу, які ўвасабляе афрыканскую пэрспэктыву, або нават бразыльца Леанарда Ульрыха Штайнэра, арцыбіскупа Манауса, які прадстаўляе лацінаамэрыканцаў.

Вядома, што на канкляў прыедуць 53 кардыналы з Эўропы (16 з Італіі), 37 з Амэрыкі (16 з Паўночнай Амэрыкі, 17 з Паўднёвай Амэрыкі, 4 з Цэтральнай Амэрыкі), 23 кардыналы з Азіі, 18 з Афрыкі, 4 з Акіяніі.

Самым маладым удзельнікам канкляву стане ўкраінец з Аўстраліі Мікалай Бычок, якому 13 лютага споўнілася 45 гадоў, найстарэйшым — гішпанец Карляс Асора Сьера (яму 16 траўня споўніцца 80 гадоў).

Папа Рымскі Францішак памёр 21 красавіка, на наступны дзень пасьля Вялікадня, ва ўзросьце 88 гадоў пасьля інсульту. Падчас свайго папства Францішак імкнуўся стварыць больш адкрытую Царкву. Ён часта выступаў у абарону інтарэсаў бедных, заклікаў багатыя краіны дапамагаць мігрантам і вырашаць праблему зьмены клімату.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG