Пра тое, што гэтыя «выбары» насамрэч — прызначэньне, сказана шмат. Але вось у мэдыя зьявіліся сьпісы найбольш верагодных дэпутатаў новай Палаты прадстаўнікоў. Большасьці гэтых будучых заканадаўцаў у Беларусі ніхто ня ведае, а за некалькіх асобаў, якіх людзі маглі бачыць у тэлевізары, падставаў галасаваць няма, піша Сяргей Дубавец.
Глядзіце, хто прыйшоў
На добры лад у парлямэнт выбіраюць тых, каго ня проста ведаюць, а каму давяраюць, з кім зьвязваюць свае спадзяваньні, хто мае аўтарытэт, іншымі словамі — лідэраў думкі. Такія ёсьць у народзе пры будзь-якой, нават самай таталітарнай уладзе. А тут... Чытаю гэтыя сьпісы прызначэнцаў і думаю: хто ўсе гэтыя людзі? Ніколі нават ня чуў пра іх. Пару-тройку бачыў у тэлевізары, але вынік той самы: я нічога (апроч зьнешнасьці) пра іх ня ведаю. А калі штосьці і ведаю, дык ніколі б і не падумаў за такіх галасаваць.
Што мне, выбарніку, па вялікім рахунку, трэба? Каб чалавек меў добрае сэрца і здаровы розум, прынамсі каб прадстаўляў сябе такім. І, натуральна, каб быў за Беларусь. А тут, выглядае, усё наадварот. Паколькі яны прызначэнцы Лукашэнкі, «за Беларусь» для іх значыць «за Лукашэнку», што зусім ня тое самае, бо гэта значыць — за русыфікацыю, Расею, за іншую краіну. Пра сэрца і розум увогуле няма чаго сказаць. Зь якога перапуду грамадзянін Беларусі мусіць галасаваць за Расею? За яе бесчалавечную вайну і нялюдзкі побыт.
Што яшчэ кідаецца ў вочы? Усе гэтыя людзі — начальства, пераважна дробнае. Больш за тое, нібы для таго, каб падкрэсьліць, што ніякія яны ня лідэры думак і ўвогуле ня лідэры, Лукашэнка прызначыў шмат ня тое што саміх начальнікаў, а намесьнікаў. Гэтыя «вечна другія» абсалютна аднолькавыя, нават падумалася, што ім пасавала б якая-небудзь уніформа. Ідзе чалавек па вуліцы, а ўсе бачаць — дэпутат. На ўніформе добра будуць глядзецца знакі адрозьненьня: вось сьпікер, вось старшыня камісіі, а вось шараговец. Як у войску. І, як у войску, ніхто ня мусіць мець сваёй думкі, бо ёсьць загад. Адзінае адрозьненьне ад вайскоўца — тут загад часта можа і не прагучаць, яго трэба ўмець угадаць. Вось той самастойны манэўр, «заканадаўчая ініцыятыва», якая адводзіцца гэтым «палітыкам».
Няма пісьменьнікаў
Не знайшоў я ў сьпісах ніводнага інтэлектуала, пісьменьніка або дзеяча культуры ці хоць якога гуманітарыя. Або бюракраты, або сілавікі, або прапагандысты.
За савецкім часам, калі рэальных выбараў не было таксама, Вярхоўны Савет БССР, прынамсі, расквечвалі прадстаўнікамі культуры — і для нацыянальнага калярыту, і для імітацыі лідэрства думкі. На пасаду намінальнага старшыні Вярхоўнага Савету прызначалі народнага паэта Беларусі Максіма Танка або народнага пісьменьніка Івана Шамякіна, якіх, што ні кажы, у Беларусі ведалі і чыталі ўсе. Іх прысутнасьць, хай сабе фармальная, была знакам павагі да самабытнасьці нацыянальнай рэспублікі. Маўляў, мы асаблівыя, а ня «тоже русские» ў адным шэрагу зь якой-небудзь Самарай ці Новасібірскам. Беларусь — рэспубліка, а не двума рангамі ніжэй, вобласьць.
Наўмысна не кажу пра задачы, зь якімі ствараецца новы «парлямэнт», бо ён далёкі ад іх, як неба ад зямлі.
Катастрофу ў антрапасфэры, якая адбываецца ў Беларусі, празь іхныя акуляры не відаць. Давайце пагаворым пра нацыянальнае прымірэньне, якое ініцыяваў наш нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі. Ня бачу ў гэтых сьпісах тых, з кім можна было б пра такое «пагаварыць». А яны ж, хоць і намінальная, але ўлада. Дыялёгавая пляцоўка, дзе ўлада дамаўляецца з грамадзтвам, дзе суіснуюць розныя погляды, перакананьні, «карціны сьвету». Бачу, што «карціна сьвету» ў іх на ўсіх адна, прычым не свая.
Словам, пры падкрэсьлена відовішчным удзеле міліцыі, якая на гэтых «выбарах» ледзь не «віноўніца таржаства», праводзіцца цалкам выпусташанае мерапрыемства, якое нічога ня значыць ні ў жыцьці краіны, ні для яе будучыні.
Падводныя камяні
Ёсьць, праўда, у гэтым даведзеным да абсалюту зборы аднолькавых людзей і свае падводныя камяні. Час ідзе, і кожны «абсалют», прайшоўшы пункт дасканаласьці, разьвіваецца далей — а там, самі разумееце, недасканаласьць. Штосьці пачынае ісьці ня так.
Раней паводле прынцыпу «няма роду без выроду» прызначалі аднаго-двух дэпутатаў з намінальнай характарыстыкай апазыцыянэраў ці, скажам, беларускамоўных, ці проста натурлівых, якія заўсёды галасавалі супраць і адной сваёй прысутнасьцю засьцерагалі астатніх ад нестандартных праяваў, змушалі трымацца разам і супраць «гэтых».
Цяпер такіх засьцерагальнікаў ня будзе. А калі ўсё, што аб’ядноўвае гэтых людзей, — прага матэрыяльных дабротаў і адсутнасьць хоць якіх-небудзь прынцыпаў, тут і вылазіць зь нявінных авечак іх чалавечая прырода, якую яшчэ часам называюць ваўчынай. Бо ўсё адбываецца на фоне ўвасобленага ў жыцьцё прынцыпу «чалавек чалавеку воўк».
Гэты новы «парлямэнт» выглядае хутчэй экспэрымэнтальным. Уявіце сабе, што нехта прагаласуе супраць. Не ад таго, што пераадолее страх, а ад таго, што павядзе сваю гульню, скажам, за месца старшыні камісіі. Парлямэнт паводле сваёй прыроды — гэта палітыка, і калі палітыку начыста выгнаць з парлямэнту, нават такога «парлямэнту», там цалкам можа ўзьнікнуць нейкая іншая палітыка. Як кажа народная прымаўка, балота ня будзе бяз чорта.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.