Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International пра перасьлед сваякоў палітвязьняў: новы этап выкараненьня рэштак іншадумства ў Беларусі


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Праваабаронцы міжнароднай арганізацыі Amnesty International заклікалі ўлады Беларусі вызваліць усіх, хто затрыманы з палітычных матываў.

Рэагуючы на паведамленьні пра тое, што за апошнія два дні беларускія ўлады затрымалі некалькі дзясяткаў асобаў, пераважна сваякоў тых, хто зьняволены з палітычных матываў, Мэры Стразэрс, дырэктарка Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі, заявіла:

«Як быццам несправядлівага зьняволеньня мноства крытыкаў і пратэстоўцаў было недастаткова, беларускія ўлады цяпер нацэліліся на іх сем’і. Гэта азначае новы крок у ашаламляльнай кампаніі па зьнішчэньні ўсіх рэштак іншадумства ў Беларусі пасьля спрэчных выбараў 2020 году».

Паводле Мэры Стразэрс, усе адвольна затрыманыя і зьняволеныя праз палітычны перасьлед павінны быць неадкладна вызваленыя.

«Мы таксама заклікаем міжнародную супольнасьць актывізаваць намаганьні па дакумэнтаваньні і ліквідацыі парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і актыўна шукаць спосабы прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», — гаворыцца ў заяве Amnesty International.

Па ўсёй Беларусі з 23 студзеня супрацоўнікі КДБ рабілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманьні сваякоў і блізкіх палітвязьняў, а таксама былых палітзьняволеных, якія нядаўна выйшлі на волю і заставаліся ў Беларусі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», агулам за апошнія дні пад перасьлед трапілі сама меней 157 чалавек. Пасьля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошваньні. Але на волю выйшлі ня ўсе — супраць часткі затрыманых завялі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Некаторых затрыманых судзяць па адміністрацыйных справах. Вялікая частка людзей выходзяць на волю пасьля допытаў, але ў якім статусе — невядома, адзначаюць праваабаронцы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у многіх выпадках прычынай зацікаўленасьці з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Праект арганізоўваў прадуктовую дапамогу рэпрэсаваным, у тым ліку выкарыстоўваючы для гэтага папулярныя сэрвісы дастаўкі ад «Эўраопта» і «Гіпа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG