Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе асудзілі хвалю рэпрэсій супраць родных палітвязьняў у Беларусі


Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешніх справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль, архіўнае фота
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешніх справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль, архіўнае фота

25 студзеня Эўразьвяз рашуча асудзіў сэрыю ператрусаў і арыштаў у былых палітвязьняў і іх сваякоў, якая прайшла ў Беларусі 23-24 студзеня.

«Рэжым Лукашэнкі працягвае сваю абуральную тактыку запалохваньня і рэпрэсій супраць сваіх крытыкаў і патэнцыйных палітычных апанэнтаў напярэдадні „выбараў“ у лютым», — канстатаваў вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

У сваёй афіцыйнай заяве прадстаўнік ЭЗ заклікаў рэжым Лукашэнкі «ўстрымлівацца ад любых далейшых рэпрэсій і гвалту супраць беларускага народу, а таксама выконваць міжнародныя абавязаньні Беларусі ў галіне правоў чалавека». Ён запатрабаваў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых у Беларусі з палітычных матываў і «спыніць іх жорсткі судовы перасьлед».

«Эўразьвяз салідарны з народам Беларусі і будзе працягваць падтрымліваць яго на шляху да незалежнай і дэмакратычнай краіны. Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць права быць прадстаўленымі тымі, каго яны свабодна выбіраюць праз празрыстыя, свабодныя і справядлівыя выбары», — гаворыцца ў заяве Бурэля.

Па ўсёй Беларусі 23 студзеня супрацоўнікі КДБ рабілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманьні сваякоў і блізкіх палітвязьняў, а таксама былых палітзьняволеных, якія нядаўна выйшлі на волю і заставаліся ў Беларусі. 24 студзеня прыйшлі яшчэ да некалькіх сваякоў палітвязьняў.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», агулам за гэтыя дні пад перасьлед трапілі сама меней 157 чалавек. Пасьля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб невыдаваньні. Але на волю выйшлі ня ўсе — супраць часткі затрыманых завялі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Некаторых затрыманых судзяць у адміністрацыйных справах. Вялікая частка людзей выходзіць на волю пасьля допытаў, але ў якім статусе, невядома, адзначаюць праваабаронцы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у многіх выпадках прычынай зацікаўленасьці з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Праект арганізоўваў прадуктовую дапамогу рэпрэсаваным, у тым ліку выкарыстоўваючы для гэтага папулярныя сэрвісы дастаўкі ад «Эўраопта» і «Гіпа».

Крыніца «Люстэрка» з Асацыяцыі палітвязьняў Беларусі (АПБ) на ўмовах ананімнасьці расказала, што 23 студзеня сілавікі таксама затрымалі людзей, якія знаходзіліся ў тэлеграм-чаце сваякоў і былых палітвязьняў. Паводле крыніцы, доступ да сьпісу ўдзельнікаў чату сілавікі атрымалі каля двух тыдняў таму пасьля затрыманьня адной з удзельніц і «проста пайшлі па ўсіх кантактах, якія знаходзяцца ў Беларусі». Акрамя гэтага, паводле актывіста АПБ, ёсьць сярод затрыманых і тыя, хто ня ўдзельнічаў у чаце і не карыстаўся дапамогай ініцыятывы INeedHelpBY.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG