Сярод затрыманых у Берасьці 23 студзеня былі адныя жанчыны, і іх было так шмат, што людзі сядзелі ў калідорах, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Тых, хто моцна абураўся і скардзіўся, пакідалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня на 72 гадзіны.
Усяго людзі налічылі каля 70 затрыманых 23 студзеня толькі ў Берасьці.
«Вядома пра 143 факты затрыманьня падчас аблавы з 23.01 па сёньняшні дзень. Але нашая салідарнасьць мацнейшая. Працуем далей і абараняем сваіх!» — паведаміў 25 студзеня кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.
Пакуль няма дакладнай інфармацыі, з чым зьвязаная такая ўвага да родных палітвязьняў. Праваабаронцам вядома, што ў пастановах на ператрусы былі пазначаныя артыкулы за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-2 КК) і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (арт. 361-1 КК).
Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у многіх выпадках прычынай зацікаўленасьці з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Праект арганізоўваў прадуктовую дапамогу рэпрэсаваным, у тым ліку выкарыстоўваючы для гэтага папулярныя сэрвісы дастаўкі ад «Эўраопта» і «Гіпа».
Па інфармацыі праваабаронцаў, сярод іншага супрацоўнікі пыталіся, «хто дапамагае зь перадачамі і хто аплачвае кошыкі з прадуктамі». Некаторым паказвалі раздрукоўкі аплат зь «Е-кошыкаў», шукалі ў тэлефонах аплікацыі замежных банкаў, а таксама патрабавалі тлумачэньняў наконт грашовых пераводаў на беларускую картку з-за мяжы. Паведамляецца, што сілавікі нібыта праглядаюць аплаты ў сэрвісах зь літоўскіх і польскіх картак і зьбіраюць інфармацыю пра сумы аплат.