Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск абвясьціў, што паміж польскімі АЭС і кансорцыюмам Westinghouse-Bechtel падпісанае новае пагадненьне аб будаўніцтве першай польскай АЭС — маставое пагадненьне EDA (Engineering Development Agreement).
Дакумэнт падпісаны прадстаўнікамі абедзьвюх кампаній у прысутнасьці Дональда Туска і міністра энэргетыкі ЗША Крыса Райта ў офісе прэм’ер-міністра, паведамляе Польскае радыё.
«Магу зь вялікім задавальненьнем сказаць, што супрацоўніцтва паміж Польшчай і ЗША ў галіне энэргетыкі набыло новы імпульс», — сказаў Туск.
Польскі прэм’ер-міністар заявіў, што для паляпшэньня зьмянілі «многія ключавыя пытаньні ў 16 галінах». Дзякуючы гэтаму, як ацаніў Туск, кантракт стаў больш надзейным.
Падрыхтоўка Пагадненьня аб распрацоўцы інжынэрных праектаў (EDA) была неабходнай з-за заканчэньня тэрміну дзеяньня кантракту на праектныя паслугі ESC (Engineering Service Contract) паміж «Польскімі АЭС» і кансорцыюмам Westinghouse-Bechtel у пачатку красавіка.
«Польскія АЭС» — інвэстар, які належыць дзяржаве на 100%, і будучы апэратар першай польскай атамнай электрастанцыі, якую пабудуюць з выкарыстаньнем тэхналёгіі Westinghouse AP1000 на тэрыторыі Любятова-Капаліна ў гміне Хочэва на Памор'і.
Будаўніцтва атамнай электрастанцыі пачнецца на працягу трох гадоў, а ўвод у эксплюатацыю заплянаваны на 2036 год. На яе фінансаваньне ўрад выдзеліць зь дзяржаўнага бюджэту больш за 60 мільярдаў злотых.
Аналітык энэргетычнага сэктару Войцех Якубік гаворыць, што ў Эўропе на гарызонце бачнае адраджэньне атамнай энэргетыкі:
«Усё большая колькасьць краін хоча мець новы атамны рэактар. Усё больш краін выступае за атамную энэргетыку на эўрапейскім узроўні. Расьце саюз прыхільнікаў атамнай энэргетыкі — Польшчы, Францыі і іншых. Пандэмія, энэргетычны крызіс, поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну паказалі, што нам патрэбныя стабільныя крыніцы энэргіі, незалежныя ад выкапнёвага паліва».
Форум