Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША заявілі пра намеры ўзмацніць санкцыі пасьля масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязьняў у Беларусі


Дзярждэпартамэнт ЗША. Ілюстрацыйнае фота
Дзярждэпартамэнт ЗША. Ілюстрацыйнае фота

ЗША зьбіраюцца ўзмацняць жорсткасьць санкцый, а таксама прымаць іншыя меры супраць Беларусі і яе ўладаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, гаворыцца ў пісьмовай заяве, апублікаванай на сайце Дзярждэпартамэнту ЗША.

«ЗША асуджаюць нядаўнія рэйды рэжыму Лукашэнкі, затрыманьні і ў цэлым атакі рэжыму супраць правоў чалавека і дэмакратычных памкненьняў народу Беларусі, якія працягваюцца», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве ведамства.

Улады ЗША «працягнуць заклікаць рэжым да адказнасьці шляхам увядзеньня санкцый і іншымі мэтадамі за жорсткія ўнутраныя рэпрэсіі і падтрымку вайны Расеі супраць Украіны».

Раней хвалю рэпрэсій супраць родных палітвязьняў у Беларусі асудзілі ў Эўразьвязе: з заклікам да новых санкцый выступілі МЗС Польшчы і вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

Па ўсёй Беларусі з 23 студзеня супрацоўнікі КДБ рабілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманьні сваякоў і блізкіх палітвязьняў, а таксама былых палітзьняволеных, якія нядаўна выйшлі на волю і заставаліся ў Беларусі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», агулам за апошнія дні пад перасьлед трапілі сама меней 157 чалавек. Пасьля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошваньні. Але на волю выйшлі ня ўсе — супраць часткі затрыманых завялі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Некаторых затрыманых судзяць па адміністрацыйных справах. Вялікая частка людзей выходзяць на волю пасьля допытаў, але ў якім статусе — невядома, адзначаюць праваабаронцы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у многіх выпадках прычынай зацікаўленасьці з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Праект арганізоўваў прадуктовую дапамогу рэпрэсаваным, у тым ліку выкарыстоўваючы для гэтага папулярныя сэрвісы дастаўкі ад «Эўраопта» і «Гіпа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG