Пра гэта піша Delfi са спасылкай на Дэпартамэнт паліцыі і памежнай аховы Эстоніі. Мітрапаліта прызналі пагрозай бясьпецы дзяржавы.
«Дзяржава прыняла рашэньне адмовіць у працягу дазволу на жыхарства, паколькі Рашэтнікаў у сваёй публічнай дзейнасьці, у тым ліку ў публічных выступах, падтрымлівае дзеяньні агрэсара і не зьмяніў сваю лінію паводзінаў, нягледзячы на ранейшыя папярэджаньні», — заявіў кіраўнік бюро памежнай аховы Пых'яскай прэфэктуры Індрэк Ару.
Мітрапаліт Талінскі і ўсяе Эстоніі Яўгеній — грамадзянін Расеі, ён пражывае ў Эстоніі на падставе дазволу на жыхарства цягам чатырох гадоў. Апошні раз яму працягвалі дазвол на жыхарства незадоўга да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Яго дзейны дазвол на жыхарства ў Эстоніі заканчваецца шостага лютага 2024 году.
Эстонія ў чэрвені мінулага году забараніла ўезд у краіну патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу. Кіраўнік МЗС краіны Маргус Цахкна назваў патрыярха «найбуйнейшым прыхільнікам» прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Паводле эстонскага міністра, кіраўнік РПЦ таксама падтрымлівае поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, а ў Эстоніі людзям з такой пазыцыяй «ня рады».
Санкцыі супраць патрыярха РПЦ увялі таксама Літва, Вялікая Брытанія, Канада і Чэхія.
Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла патрыярха Кірыла ў вышук. На думку сьледзтва, патрыярх «уваходзіць у найбліжэйшае атачэньне найвышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі і адным зь першых публічна падтрымаў поўнамаштабную вайну супраць Украіны».