Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра сёлетнюю «Ноч паэтаў», ці ёсьць двайнікі ў Лукашэнкі і як выказваць салідарнасьць, калі ты ў Беларусі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Як выказваць салідарнасьць, калі ты ў Беларусі?

— Трэба ўсімі спосабамі падтрымліваць палітвязьняў і іх сем’і.

Другая вялікая катэгорыя — людзі, якія страцілі працу за свае перакананьні і атрымалі «воўчы білет». Яны часта хаваюць гэты факт, каб не пагаршаць сытуацыю. Таму зьява настолькі ж маштабная, наколькі нябачная. Верагодна, і сярод вашых знаёмых ёсьць такія. І тут самая важная рэч — сувязі. Бо гэта нагода зьвязаць чалавека з тым, хто можа прапанаваць яму працу, непасрэдную ці дыстанцыйную, у Беларусі ці за мяжой, ці дапамагчы іншым дарэчным спосабам.

Беларуская салідарнасьць нікуды ня зьнікла і дзейнічае.

— Як разумець «дыскрэдытацыю Беларусі», за якую рэдактара Манцэвіча асудзілі на чатыры гады турмы?

— Алесь — выдатны прафэсіянал і прыстойны чалавек, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў Беларусі. Зразумела, што асобны грамадзянін, нават калі ён рэдактар папулярнай газэты, дыскрэдытаваць краіну, калі б і захацеў, ня зможа. Бо ня мае ані такіх паўнамоцтваў, ані такой адказнасьці.

Дыскрэдытаваць краіну можа толькі ўлада гэтай краіны. Калі ўлада атаясамлівае сябе з краінай, а пры тым садзіць у турму сапраўднага патрыёта, яна сваімі паводзінамі наўпрост дыскрэдытуе краіну, імем якой яна гэта робіць.

— А па выніку што выйграла Беларусь (Лукашэнка) ад пасадкі самалёта з Пратасевічам?

— Па выніку прайгралі ўсе. Ясна, што аддаць такі загад мог толькі Лукашэнка. Зь якой мэтай? Каб адпомсьціць тэлеграм-каналу за каардынацыю маршаў. Помсты толкам ня выйшла, бо каналу нічога ня сталася, дый ня скажаш, што ён сапраўды нешта каардынаваў...

Як ні круці, атрымалася чыстая сваволя аднаго чалавека, калі не сказаць — злачынная дурасьць, ад якой пацярпелі ні ў чым не вінаватыя людзі, Белавія, для беларусаў закрылася неба над Эўропай... Падзея ў адным шэрагу з пагромам у Вярхоўным Савеце, забойствам апанэнтаў і масавым тэрорам.

— Як вы ацэньваеце сёлетнюю «Ноч паэтаў»?

— Маю з гэтай нагоды дзьве навіны: добрую і дрэнную. Добрая: людзі ўсьведамляюць, што гэта яны сёньня займаюць месца тых, расстраляных у 1930-я, найлепшых прадстаўнікоў нацыі, якія часта і дапусьціць не маглі, што іх чакае, а таму не маглі засьцерагчыся ад бяды ці, прынамсі, быць гатовымі да яе. Іх лёс — папярэджаньне сёньняшнім...

Дрэнная навіна: у сеціве перасталі працаваць два найбуйнейшыя рэсурсы, прысьвечаныя рэпрэсаваным: партал Леаніда Маракова і Картатэка Сталіна. Выглядае, што памяць ажывае раз на год, а твань бяспамяцтва робіць сваю справу няспынна.

— А што б вы зрабілі, калі б апынуліся раптам на месцы Лукашэнкі?

— Я б ачнуўся... І адчуў дзікі сорам. У суседніх краінах зьмянілася шэсьць і болей прэзыдэнтаў, а я хлусьнёй і зброяй трымаюся за ўладу безь ніякага сэнсу і карысьці для Беларусі і народу.

Я зараз жа падпісаў бы ўказ пра вызваленьне і рэабілітацыю ўсіх палітвязьняў, пра рэальныя дэмакратычныя выбары. Пасьля сабраў бы сілавікоў і даў загад закрыць і абараніць мяжу з Расеяй. Дыпляматаў паслаў бы з заяўкамі ў NATO і Эўразьвяз. Пасьля выступіў у тэлевізары і заявіў, што па ўсіх кірунках мяняем палітыку зь мінуса на плюс і пачынаем падрыхтоўку трыбуналу над камунізмам-лукашызмам.

— Адкуль зноў бяруцца прапановы называць Вільню па-беларуску Вільнюсам?

— Напэўна, тым, хто нядаўна пераехаў у Вільню, камфортна адчуваць сябе тут чужымі. Прычына — у нэафіцтве, недасьведчанасьці і непранікнёнасьці ў тэму. Калі яны лічаць сябе беларусамі, дык самі адсякаюць уласны корань, бо ўся беларушчына (ідэя, нацыя, культура, мова, палітыка) — адсюль.

Сама ідэя незалежнасьці была зь Вільні прывезеная ў Менск, які далей аўтаноміі не глядзеў. А «Вільнюс» у беларускую мову прыцягнулі савецкія «тоже белорусы», для якіх гэта — «дальнее зарубежье». Памятаю такі расклад на вакзале ў Ашмяне, за 10 км ад літоўскай мяжы.

— Шмат кажуць пра двайнікоў Пуціна, а ці ёсьць двайнікі ў Лукашэнкі?

— Пуцін ніяк не разьвівае сваю непаўторнасьць, бо ён ня сам па сабе, за ім стаіць вялізны апарат расейскага імпэрыялізму. Наяўнасьць двайнікоў толькі падкрэсьлівае гэта. Лукашэнка, наадварот, усялякімі спосабамі падкрэсьлівае сваю ўнікальнасьць, бо за ім ніхто, апроч яго самога, не стаіць.

Пуцін — як шапка для галавы, а Лукашэнка — як галава для шапкі. Паводле сутнасьці рыторыкі ён сам часьцяком выступае ў якасьці двайніка Пуціна. А навошта двайніку двайнік? Гэта ўжо нейкі трайнік атрымліваецца.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG