Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Што можна рабіць для беларушчыны ў Беларусі, навошта Лукашэнку другая АЭС і чым растлумачыць масавую падтрымку ХАМАС


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— У Кіеўскім унівэрсытэце скасавалі вывучэньне беларускай мовы. Каму гэта на карысьць?

— Гэта памылковае рашэньне. Беларуская мова — такая самая зброя ад расейскага імпэрыялізму, як і ўкраінская. Таталітарны рэжым у нас на 100% расейскамоўны. І рашэньне Кіеўскага ўнівэрсытэту наўпрост кладзецца ў адзін шэраг з закрыцьцём у Беларусі літоўскіх і польскіх школаў і пераводам іх на расейскую мову, з многімі фактамі перасьледу за беларушчыну. Відавочна ў Кіеве ня ведаюць пра гэта і, хочучы сымбалічна пакараць Лукашэнку, наадварот, падыгралі яму ў ягонай антыбеларускай палітыцы.

— Мусіў жа быць нейкі рэзон расстрэльваць беларускіх паэтаў і акадэмікаў у 1937-ым?

— Рэзон вечны, як сьвет, і прымітыўны, як стрэл. Паэты і акадэмікі, як правіла, свабодныя людзі. А рабы, што захапілі ўладу, больш за ўсё на сьвеце ненавідзяць свабоду і беларушчыну. З таго ж рэзону і сёньня ў нас тысячы палітзьняволеных, сотні тысяч выгнаных з краіны. І гэтаксама, як сёньня ў турмах хаваюць праўду пра палітычных, так і тады пра расстраляных пісалі ў энцыкляпэдыях «памёр». Рабства заўсёды трымаецца на хлусьні. Калі ж свабодныя людзі прыходзяць да ўлады, яны нікога не расстрэльваюць і не хаваюць праўды.

— Шмат спрачаюцца, ці глядзець беларусам расейскага блогера Дудзя. А што вы думаеце?

— Пытаньне больш не пра тое, каго глядзець, а хто глядзіць, у якім ён жыве мэдыйным і мэнтальным полі. Мне вось цяжка ўявіць, каб літоўцы ці палякі, ці чэхі масава абмяркоўвалі расейскіх блогераў. Проста не цікава, іншая фактура, нюансы, танальнасьць... Напрыклад, калі Дудзь выстаўляе сваіх суразмоўцаў так, каб «дурасьць кожнага відаць была», дык у беларускім кантэксьце і ў беларускага блогера такой задачы ня можа быць. Бо не цікава. У нас так працуе толькі рэжымная прапаганда, але яна ўся — працяг расейскага мэдыйнага і мэнтальнага поля.

— Чым растлумачыць масавую падтрымку ХАМАС, асабліва на Захадзе?

— Прычына глыбокая і пры тым тыповая. Рэч у тым, што другі бок мэдаля свабоды — ні з кім не падзеленая адказнасьць, найперш за сябе. А адказнасьць — заўсёды намаганьне, штодзённая праца. Такая сутнасьць дэмакратыі. Каб жыць годна, нельга быць утрыманцам і інфантылам. Аўтарытарызм ці тыранія, наадварот, не дае свабоды, але і не патрабуе адказнасьці. Таму людзі, якія ўцяклі з аўтарытарных ці тыранічных дзяржаваў на Захад, часта стамляюцца ад гэтай працы і ідуць на самыя разбуральныя пратэсты. Але назад, у аўтарытарызм, яны ніколі не вяртаюцца.

— Што сёньня можна рабіць для беларушчыны ў самой Беларусі?

— Гаварыць па-беларуску дома, а таксама па-за домам, калі вы адчуваеце, што ваша мова ня выкліча агрэсію. Набываць беларускія кнігі ды іншую прадукцыю па-беларуску. Аддаваць перавагу тым таварам і паслугам, якія аформленыя па-беларуску. Найбольш грунтоўная, але і затратная місія — зрабіць рэвізію надпісаў на помніках вашым памерлым сваякам і, калі яны па-расейску, перапісаць іх па-беларуску. Як гэта ні дзіўна, але сёньня якраз помнікі найлепей сьведчаць пра нас, як пра асобны народ, або пра тое, што такога народу не існуе.

— Навошта Лукашэнку яшчэ адна АЭС?

— Калега трапна параўнаў АЭС і БНР. Маўляў, у беларускіх беларусаў ёсьць БНР — найвялікшы энэргетычны зрух нацыі да сваёй дзяржаўнасьці. Для «тоже русского» Лукашэнкі БНР чужая і незразумелая, пры тым ён апынуўся на месцы кіраўніка і шукае, што б ёй супрацьпаставіць. З БССР не атрымалася, бо гэта кардонная дзяржаўнасьць. А паколькі прызнае ён толькі фізычную сілу, узяўся за АЭС, якая ў яго ў руках. Але зноў правал, зблытаў мяккае зь зялёным. І БНР жыве, і АЭС яе не перамагае. А іншых ідэяў няма, таму давай другую (а там і трэцюю) АЭС збудуем. Замест так і ня знойдзенай нацыянальнай ідэі.

— Ці сапраўды беларусы пачуваюцца роднымі з расейцамі?

— Гэта чыста прапагандысцкая формула, якая ня мае нічога агульнага з рэальнымі адносінамі. Занадта розныя ў двух народаў лёсы, уяўленьні пра сябе і арыентацыі ў сьвеце. Беларусы стаяць павернутымі ў бок Расеі, бо інакш небясьпечна, але галовы ў іх павернутыя на Захад... Да прыкладу, у нас па ўсёй краіне шмат папулярных крамаў сэканд-хэнд, дзе рэклямуецца адзеньне з Эўропы, зь Нямеччыны, зь Італіі... А вось краму ўжыванага адзеньня з Расеі я не сустракаў і не магу сабе ўявіць. Як і тых, хто б у такую краму пайшоў.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG