Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Як даказаць, што Лукашэнка фальсыфікуе вынікі галасаваньня, і ці можа адзін чалавек зьмяніць сьвет


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Як даказаць, што Лукашэнка фальсыфікуе вынікі галасаваньня?

— Пры поўнай закрытасьці працэсу застаецца лёгіка і веданьне грамадзкіх настрояў.

Калі, скажам, на рэфэрэндуме 1996 году людзі маглі хацець проста падтрымаць Лукашэнку, у тым ліку ў справе сьмяротнага пакараньня, дык адно пытаньне выпадае з гэтае лёгікі: «Ці згодныя Вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады павінна ажыцьцяўляцца публічна і толькі зь дзяржаўнага бюджэту?» І 65 адсоткаў, нібыта, сказалі: «не, дазваляем чыноўнікам красьці». То бок, большасьць народу ў Беларусі — асацыяльныя людзі або сьвядомыя рабы? Але ж такіх у нас відавочна абсалютная меншасьць.

— Чаму пасольствы Рэспублікі Беларусь ня дбаюць пра сваіх грамадзян за мяжой?

— У Беларусі ўся дзяржаўная сыстэма дэградуе да ўзору 1937 году. Для яе кожны звычайны беларус — вораг, асабліва калі ён беларускамоўны. Міліцыя і суд караюць яго толькі за тое, што ён «не русский», падаткавікі і камунальнікі абдзіраюць яго толькі таму, што ён «не русский», адпаведна і пасольствы глядзяць на яго, як на чужога.

Глыбінная ўстаноўка рэжыму, які сілай захапіў і ўтрымлівае ўладу, у тым, што захавацца ён можа толькі на расейскія грошы і толькі як «тоже русский», пра што не аднойчы казаў Лукашэнка.

— Як, на вашу думку, разьвязаць праблему літвінства?

— Гэта не праблема, калі называць рэчы сваімі імёнамі. Літвіны і літвінства ў беларускай мове — арганічная частка нашай тоеснасьці як нашчадкаў ВКЛ. Але гэта не нацыянальнасьць у сучасным сэнсе слова.

Праблема ўзьнікае тады, калі літвінства пачынаюць штучна выдаваць за нацыянальную тоеснасьць, экстрапаляваць на мадэрныя нацыі, якія склаліся ў канцы ХІХ ст., і ляпіць з гэтага нейкую ідэалёгію. Трэба і называць гэтую зьяву па-іншаму: літвіністамі і літвінізмам. А ня тымі сярэднявечнымі літвінамі і літвінствам.

— Ці адменіць рэжым дэ-юрэ дзяржаўны статус беларускай мовы, як гэта ўжо адбылося дэ-факта?

— Не адменіць. Бо гэты статус цяпер — адзінае, што ў вачах Крамля адрозьнівае Лукашэнку ад кіраўнікоў непрызнаных ДНР і ЛНР, дзе, дарэчы, дзяржаўны статус украінскай мовы скасавалі.

Зь іншага боку, які сэнс адмяняць, калі законы, якія чагосьці патрабуюць ад чыноўнікаў, папросту «выключаныя» і не працуюць. Працуюць толькі тыя рэпрэсіўныя «нормы», якія дазваляюць рэжыму чыніць неабмежаваны і беспакараны гвалт у дачыненьні да апанэнтаў.

— Як вы лічыце, ці можа адзін чалавек зьмяніць сьвет?

— Першым згадваецца Гарбачоў... Але тут усё залежыць ад таго, які гэта сьвет, наколькі ён устойлівы. На Захадзе даўно зразумелі, што найбольш трывалая сьветабудова — спрыяльная для большасьці людзей. Нічога лепшага за дэмакратыю не прыдумалі. Дэмакратыі адна на адну не нападаюць. Імпэрыі заўсёды сканчаюцца, і Гарбачоў сапраўды зьмяніў сьвет, але Расея ня здолела перамагчы ў сабе імпэрскасьць і вярнулася ў ранейшы стан. Хто пасьпеў уцячы, той уцёк у дэмакратыю, іншыя засталіся ў стане паняволеных народаў ці змагаюцца за свабоду, несучы цяжкія страты.

— Сёньня разглядаецца ўключэньне беларускіх камандаў у футбольны чэмпіянат Расеі. А ці варта наогул перажываць за такія каманды, улічваючы, што ў іх гуляе нямала тых, хто прамаўчаў у 2020-м?

— Ініцыятары самі называюць сваю ідэю палітычнай. Спартоўцы, вядома, маюць выбар, як і тыя, хто за іх перажывае. Але ў чэмпіянаце Расеі ўсе яны будуць расейскімі камандамі, а не беларускімі. То бок на такой слаўнай зьяве, як беларускі футбол, будзе пастаўлены крыж... Яшчэ адна цаглінка, выбітая з будынку незалежнай беларускай дзяржавы...

— Чаму на афішах беларускіх імпрэзаў сталі пісаць па-беларуску ня Вільня, а Вільнюс?

— Гэта комплекс уласнай непаўнавартасьці перад расейшчынай, дый перад літоўцамі таксама. 500 гадоў для нашых продкаў сталіцай была Вільня, а літоўцы, між іншым, толькі ў ХХ ст. згарманізавалі назву пад законы сваёй мовы. Гэтаксама як Менскас, Наўгардукас ці Гардінас. І цяпер, замест таго, каб збліжацца зь літоўцамі, мы гэтым Вільнюсам (у сваёй мове!) укліньваем у адносіны расейскую стрэмку. Слова «Вільнюс» ніколі не ўжывалася ні ў нашай паэзіі, ні ў фальклёры. Казалі: «Рабі пільна, і тут будзе Вільня», маўляў, гармонія і парадак.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG