Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы ў Сочы. Што хаваецца за пазытывам?


Лукашэнка і Пуцін у Сочы, 15 верасьня 2023
Лукашэнка і Пуцін у Сочы, 15 верасьня 2023

Гэта быў ужо сёмы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Расею сёлета. Пяць разоў ён лётаў адмыслова дзеля перамоваў з Уладзімірам Пуціным. Адзін раз прыяжджаў у Маскву на саміт ЭАЭС, падчас якога была кароткая сустрэча з прэзыдэнтам Расеі. І яшчэ была паездка на сьвяткаваньне Дня Перамогі 9 траўня (гэта калі Лукашэнка выглядаў вельмі хворым).

Цяперашняя паездка, якую прэсавая служба Лукашэнкі назвала «працоўным візытам», здарылася нечакана. Яна не анансавалася. Пра яе даведаліся толькі ў момант, калі Лукашэнка ўжо вылецеў у Сочы. Імкнучыся неяк зьмікшаваць сытуацыю (каб не казалі, што Пуцін паклікаў — Лукашэнка пабег), тэлеграм-канал «Пул Первого» пасьпяшаўся паведаміць, што перамовы «плянаваліся загадзя ў адпаведнасьці з графікам сустрэч». Чаму б тады не абнародаваць гэты графік?

Галоўным пытаньнем папярэдняга візыту Лукашэнкі да Пуціна (Санкт-Пецярбург, 23–25.07) быў лёс ПВК «Вагнэр». Як вядома, гэты лёс вырашыўся радыкальна. Лягер вагнэраўцаў пад Асіповічамі згортваецца. Пытаньне можна лічыць закрытым.

Якія рашэньні былі прынятыя па выніках цяперашніх перамоваў? Як і падчас іншых візытаў Лукашэнкі, гэта застаецца невядомым. Саюз Беларусі і Расеі ўсё больш ператвараецца ў асабістую ўнію Лукашэнкі і Пуціна. Саюз уладароў, як у сярэднявеччы. Усё адбываецца сам-насам, у таямніцы. Ня толькі народы, але і дзяржаўныя інстытуты, іх кіраўнікі ня ў курсе, пра што дамаўляюцца лідэры.

Таму мэдыя і экспэртам даводзіцца камэнтаваць толькі тое, што Лукашэнка і Пуцін кажуць на пачатку сустрэчы, у прысутнасьці журналістаў, пад тэлекамэры.

Летась асноўнай тэмай гэтых сьпічаў была вайна супраць Украіны. Асабліва стараўся Лукашэнка, ён моцна лаяў Украіну і Захад, захапляўся дзеяньнямі Расеі, Пуціна.

Сёлета падчас сустрэчаў тэму вайны чапляюць неяк краем, амаль факультатыўна. Вось цяпер пра яе ўзгадалі, толькі адказваючы на пытаньні журналістаў.

Так адбываецца таму, што тэма вайны перастае быць папулярнай у грамадзтве як Расеі, так і Беларусі. Таму вырашылі лішні раз ня сыпаць соль на раны, ня ўзгадваць пра балючае, рабіць выгляд, што крывавыя падзеі ва Ўкраіне — гэта нешта пэрыфэрыйнае, ня вартае асаблівай увагі.

Цяпер Пуцін заявіў, што Ўкраіне давядзецца скакаць ня свой танец «Гапак», а расейскія — «Барыню» ці «Казачок». Тым самым прызнаўшы, што мэта вайны — не «дэнацыфікацыя», а русіфікацыя.

А Лукашэнка вылучаў пазытыў і аптымізм па ўсіх пытаньнях. Маўляў, усё ідзе добра, а будзе яшчэ лепш. У эканоміцы ўсё цудоўна, санкцыі ня страшныя, яны нават дапамаглі ўключыць уласныя рэзэрвы, народ Расеі падтрымлівае ўладу, пра што сьведчаць вынікі мясцовых выбараў. І нават у замежнай палітыцы ўсё ціп-топ. Праўда, для ілюстрацыі гэтага тэзісу прыклады ён прывёў, мякка кажучы, не пераканаўчыя. Маўляў, вось Расея засябравала з Паўночнай Карэяй (сусьветны ізгой), а Беларусь наведаў прэзыдэнт Экватарыяльнай Гвінэі.

То бок чым больш сытуацыя разьвіваецца дрэнна для абодвух лідэраў, тым больш трэба пазытыву. Вядомая тэхналёгія.

Аднак апошнім часам нэгатыўны вэктар выяўляецца нават на сымбалічным узроўні. Зусім нядаўна ў Чорным моры быў падбіты расейскі карабель пад назвай «Минск». Нагадаю, мінулым годам быў патоплены флягман Чарнаморскага флёту РФ «Москва». Тэндэнцыя, аднак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG