Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: бацькі зьніклай беларускі атрымалі ад уладаў М’янмы пацьверджаньне пра яе сьмерць


Бангкок (Тайлянд), зь якога беларуска вылецела ў М’янму 20 верасьня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Бангкок (Тайлянд), зь якога беларуска вылецела ў М’янму 20 верасьня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Бацькі 27-гадовай беларускі Веры Краўцовай, якая зьнікла ў М’янме, атрымалі даведку на бірманскай мове аб тым, што яна працавала ў вёсцы Пхлу і памерла ад сардэчнага прыпадку.

Як паведаміла расейская Комсомольская правда, паводле ўладаў М’янмы, крэмацыю цела беларускі зрабілі ў вёсцы Інкін 16 кастрычніка а 12:00.

21 кастрычніка Іміграцыйнае бюро Тайлянду пацьвердзіла, што беларуская мадэль Вера Краўцова вылецела з Тайлянду ў Янгон (М’янма) 20 верасьня без прыкметаў выкраданьня або прымусу. Атрыманыя ў часе праверкі відэазапісы ўезду і выезду беларускі перадалі консульству Беларусі ў Бангкоку.

Што папярэднічала

Аб зьнікненьні беларускай грамадзянкі стала вядома з словаў яе маці 4 кастрычніка.

16 кастрычніка ў МЗС Беларусі паведамілі, што пасольства Беларусі ў Віетнаме, адначасова акрэдытаванае ў суседняй М’янме, вядзе працу дзеля яе вышуку.

Дакладна высьветлілі, што зьніклая грамадзянка вылецела ў Янгон (М’янма) з Бангкоку (Тайлянд) 20 верасьня. Далей сьляды беларускі губляліся.

Да пошукаў далучылі замежнапалітычныя і сілавыя ведамствы дзьвюх краін, апараты ганаровых консульстваў Беларусі ў Янгоне і Бангкоку. Але дагэтуль не было афіцыйнай інфармацыі, якая б пацьвярджала гібель беларускі.

Веры Краўцовай 27 гадоў, яна мела досьвед у мадэльных здымках, у тым ліку ў Кітаі. Таксама яна брала ўдзел у шоў «Голас».

  • Пры ўладзе ў М’янме з 1 лютага 2021 году знаходзіцца вайсковая хунта.
  • Яна зрынула дэмакратычна абраную прэм’ер-міністарку Аўнг Сан Су Чы.
  • У краіне разгарнуліся баі паміж войскам і паўстанцамі.
  • М’янма ўваходзіць у лік найбольш небясьпечных і недэмакратычных краінаў сьвету.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG