22 кастрычніка ў 2:10 быў быў закрыты пераход Салечнікі — Беняконі, з 2:50 — Меднікі — Каменны Лог. Уначы спынялася праца віленскага аэрапорту, каля 30 рэйсаў затрымалі. Зьвязана гэта было з масавым налётам паветраных балёнаў, запушчаных уначы зь Беларусі ў Літву, як паведаміла памежная служба Літвы.
Балёны, якія выкарыстоўваюць для кантрабанды цыгарэт зь Беларусі, запускалі не з аднаго месца, гэта была скаардынаваная апэрацыя, заявіў кіраўнік літоўскага Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі (НЦУК) Вілмантас Віткаўскас.
«Інтэнсіўнасьць запуску зондаў таксама вельмі высокая, і, хутчэй за ўсё, гэта быў не адзін пункт, гэта была скаардынаваная апэрацыя», — сказаў ён у сераду радыё LRT.
Чэргі перад памежнымі пунктамі на выезд зь Беларусі вырасьлі нязначна: на выезьдзе 40 легкавікоў, 1510 грузавікоў і 3 аўтобусы. Звычайна ўначы рух ня вельмі актыўны, паведамляў беларускі Дзяржаўны памежны камітэт.
Пасьля 6-й раніцы аэрапорт адкрыўся, а 9-й аўтамабільны рух на абодвух прапускных пунктах аднавілі.
«Асьцерагаюся, вядома, што літоўцы могуць закрыць мяжу»
Беларус Андрэй(імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя для іх бясьпекі), ехаў у начным аўтобусе «Менск — Вільня». Ён расказаў, што прыкладна а трэцяй гадзіне пад’ехалі да літоўскай мяжы, і аўтобус спыніўся.
«Стаім і стаім, чакаем, людзі драмалі. Перад намі на мяжы быў адзін аўтобус, легкавікоў было няшмат. Праз паўгадзінкі народ крыху заварушыўся. Сям’я зь дзіцем занэрвавалася, яны ехалі ў аэрапорт. Хутка зразумелі, што мяжа закрытая, чыталі чацікі ўголас. Крыху ажывіліся, калі прачыталі, што аэрапорт аднавіў працу. Агулам прастаялі перад шлягбаўмам гадзіны тры, потым паехалі», — апісвае суразмоўца перасячэньне мяжы.
Суразмоўца заўважае, што сочыць за навінамі зь мяжы рэгулярна — ці мяжу не закрылі.
«Асьцерагаюся, вядома, што літоўцы могуць закрыць мяжу: прэцэдэнт з закрыцьцём польскай мяжы ўжо быў. Уважліва сачыў за навінамі тады, літоўскія чыноўнікі нібыта казалі, што ня будуць закрываць. На пачатку кастрычніка чытаў пра закрыцьцё віленскага аэрапорту праз мэтэазондаў зь Беларусі. Цяпер вось зноў... Вядома, сытуацыя трывожыць», — кажа пасажыр начнога аўтобуса ў Вільню.
У беларускі Насты квіток у Вільню куплены на 25 кастрычніка. Сёньняшнія навіны пра часовае спыненьне руху яе напалохалі, прызнаецца жанчына.
«Кожнае перасячэньне мяжы — гэта стрэс. Я ў шоку ад сёньняшніх навін, бо даволі часта ежджу ў справах у Літву. Магу зразумець літоўскі бок, іх пастаянна атакуюць кантрабандай цыгарэт. Цалкам дапускаю, што яны страцяць цярплівасьць і закрыюць мяжу.
Але каму будзе горш ад ізаляцыі Беларусі? Чыноўнікі беларускія і так невыязёныя, ім ўсё адно, іх гэта не кране. А пакутаваць будуць простыя людзі: і беларусы, і літоўцы», — кажа суразмоўца.
Крыху больш за месяц таму, калі Польшча закрывала мяжу зь Беларусьсю падчас беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад», міністар унутраных справаў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч тлумачыў, у якіх выпадках сваю мяжу можа закрыць Літва.
«Калі здарыцца (правакацыя), кіраўнік памежнай аховы гатовы ў тую ж хвіліну даць дазвол на закрыцьцё мяжы... Калі нешта адбываецца — дрон, ці правакацыя, ці нейкі невыразны павышаны рух сілаў каля мяжы — мы можам гэта зрабіць», — казаў тады міністар Кандратовіч.
Пастанову закрыць мяжу на больш працяглы тэрмін можа прыняць урад Літвы.
Нагадаем, што з 1 сакавіка 2024 году былі закрытыя памежныя пераходы Лаварышкі — Катлоўка і Райгорад — Прывалка.
Форум