У публікацыі выданьня адзначаецца, што партнэрства краін «будзе спрыяць устойліваму разьвіцьцю і падтрымцы намаганьняў у аднаўленьні Лібіі».
Выданьне адзначыла, што ў кантэксьце вайсковай супрацы зь Беларусьсю ў аддзеле вайсковай інфармацыі Генэральнага камандаваньня паведамілі, што ў пачатку верасьня ў Лібію вярнулася група вайскоўцаў, якія навучаліся ў Беларусі цягам году.
«Падрыхтоўка ўключала пашыраныя спэцыялізацыі ў барацьбе з тэрарызмам, выкарыстаньне снайпэрскай і мінамётнай зброі, а таксама практыкаваньне ў тактыцы штурму. Вучэньні прадугледжвалі выкарыстаньне боепрыпасаў усіх відаў зброі, а таксама парашутнае дэсантаваньне», — адзначаецца ў публікацыі.
Раней паведамлялі, што падразьдзелы спэцыяльнага прызначэньня Генэральнага штабу Лібійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) нібыта праходзяць рыхтаваньне ў Беларусі, але ў Менску гэтую інфармацыю не камэнтавалі.
21 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з урадавай дэлегацыяй Лібіі, якую ачольвае намесьнік галоўнага вайскавода нацыянальнай арміі Садам Хафтар — сын фэльдмаршала і галоўнага вайскавода ЛНА Халіфы Хафтара, які прыяжджаў у Менск сёлета ў лютым для абмеркаваньня вайсковай супрацы зь Беларусьсю і 18 лютага сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Садам Хафтар быў у складзе гэтай дэлегацыі.
Лукашэнка наведваў Лібію ў 2000 годзе, тады ён правёў перамовы з Муамарам Кадафі. У 2008 годзе Кадафі пабываў зь візытам у Менску.
Пасьля зрынаньня і забойства ў 2011 годзе Кадафі (ён кіраваў у краіне 42 гады) у Лібіі дзейнічаюць два ўрады. У сталіцы Трыпалі дзейнічае прэм’ер-міністар Абдэль Хамід Дбэйба, яго прызнае ААН у якасьці часовага кіраўніка дзяржавы. Іншы ўрад асталяваўся ў Бэнгазі — яго ўзначальвае Ўсама Хамад.
Падчас актыўнай фазы супрацьстаяньня ў Лібіі ЛНА спрабавала захапіць Трыпалі. Мэдыя тады паведамлялі, што ў складзе войска Хафтара ваююць найміты расейскай ПВК «Вагнэр».
Форум