22 кастрычніка кіраўнікі палітычных групаў і старшыня Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала вызначылі ляўрэатаў прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 году.
Імі сталі зьняволеныя журналісты, «якія змагаюцца за вашу і нашу свабоду», — Анджэй Пачобут зь Беларусі і Мзія Амаглабэлі з Грузіі.
Раней, 9 верасьня, група Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфарматараў, да якой належыць польская партыя «Права і справядлівасьць», у Эўрапейскім Парлямэнце ў Страсбургу рэкамэндавала ўзнагародзіць прэміяй Андрэя Сахарава беларускага палітычнага вязьня Анджэя Пачобута. 16 кастрычніка сябры камітэтаў замежных справаў і разьвіцьця Эўрапейскага Парлямэнту прагаласавалі за Пачобута як аднаго зь фіналістаў прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 году.
У кароткім сьпісе прэтэндэнтаў таксама былі журналісты і гуманітарныя работнікі ў Палестыне і ўва ўсіх зонах канфліктаў, якіх аказваюць Палестынскі сындыкат журналістаў, Чырвоны Паўмесяц і Блізкаўсходняе агенцтва дапамогі палестынскім уцекачам ААН; сэрбскія студэнты.
Хто такі Анджэй Пачобут
Журналіст і актывіст польскай меншасьці з Горадні Анджэй Пачобут быў арыштаваны вясной 2021 году, а ў лютым 2023 году асуджаны на восем гадоў калёніі строгага рэжыму.
Беларускія дэмакратычныя сілы і польскія ўлады патрабуюць вызваленьня актывіста. У ліпені дэлегацыя польскага Сейму падчас візыту ў ЗША, узьняла гэтую тэму на перамовах з амэрыканскім бокам.
16 студзеня 2025 году, наведваючы Менскі гарадзкі тэхнапарк, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Варшава нібыта «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».
Пасьля палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных падарожнікам пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.
30 кастрычніка 2024 году міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі, выступаючы ў Сэнаце, заявіў, што Варшава «праз розныя каналы» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія сядзяць у беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца журналісту і сябру зьліквідаванага ўладамі Зьвязу палякаў Анджэю Пачобуту.
Хто такая Мзія Амаглабэлі
Заснавальніца і дырэктарка выдавецтва «Батумэлебі», якую ў Грузіі пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі. Яе арыштавалі на падставе абвінавачаньня ў нападзе на паліцыянта, а прызналі вінаватай у супраціве, пагрозе або гвалце ў дачыненьні асобы, якая ахоўвае грамадзкі парадак, або іншага прадстаўніка ўлады (артыкул 353 Крымінальнага кодэксу Грузіі).
Мзію Амаглабэлі затрымалі 11 студзеня 2025 году на праэўрапейскай акцыі ў Батумі. Празь некалькі гадзін пасьля вызваленьня яе затрымалі зноў — ужо паводле крымінальнай справы. Яе абвінавацілі ў «нападзе на супрацоўніка паліцыі» пасьля таго, як яна, паводле вэрсіі сьледзтва, ударыла па шчацэ начальніка батумскай паліцыі Іраклі Дгебуадзэ.
Пратэстуючы супраць незаконнага затрыманьня і трыманьня ў ізалятары, журналістка абвясьціла галадаваньне, якое спыніла на 38-ы дзень.
Што такое Прэмія імя Сахарава
- Прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі», заснаваная Эўрапейскім Парлямэнтам у 1988 годзе, — найвышэйшая ўзнагарода Эўрапейскага Зьвязу за праваабарончую дзейнасьць.
- Прэмію прысуджаюць асобам, групам і арганізацыям, якія ўнесьлі выдатны ўклад у абарону свабоды думкі.
- Сярод ранейшых пераможцаў былі дысыдэнты, палітыкі, журналісты, юрысты, актывісты грамадзянскай супольнасьці, пісьменьнікі, лідэры меншасьцяў, праваабаронцы, карыкатурысты, дырэктары арганізацыяў, а таксама міжнародныя арганізацыі і маладыя актывісты.
- Раней прэмію Сахарава атрымалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, палітык Аляксандар Мілінкевіч, дэмакратычная апазыцыя Беларусі, прадстаўленая Сьвятланай Ціханоўскай і яшчэ 9 асобамі.
- Штогод у верасьні дэпутаты Эўрапарлямэнту называюць кандыдатаў на прэмію. Кандыдат павінен мець падтрымку не менш як 40 дэпутатаў Эўрапарлямэнту.
- Аб’яўляюць пераможцу звычайна ў кастрычніку, а цырымонія ўзнагароджаньня праводзяць у сьнежні.