Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У консульствах за мяжой больш ня будуць выдаваць беларускіх пашпартоў? Расказваем пра альтэрнатыву


Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь

4 верасьня зьявіўся ўказ Лукашэнкі, паводле якога беларусам могуць забараніць атрымліваць пашпарт у дыпляматычных прадстаўніцтвах за мяжой. Выходзіць, для гэтага цяпер трэба будзе ехаць у Беларусь, што падыходзіць ня кожнаму. Пашукалі альтэрнатыўныя варыянты.

Указ Лукашэнкі ад 4 верасьня абмяжоўвае паўнамоцтвы дыпляматычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой. Там прапісана мера, паводле якой пашпарты маюць выдаваць не дыпляматычныя прадстаўніцтвы, а органы МУС па месцы рэгістрацыі. Указ пакуль не набыў моцы, і консульствы ўсё яшчэ запісваюць на прыём для замены пашпарта.

Як вынікае з указу, выдаваць пашпарты сэрыі PP (для тых, хто мае сталы дазвол на жыхарства у замежных краінах) консульствы змогуць. Мы пагаварылі з былым супрацоўнікам дыпляматычнага корпусу, які пацьвердзіў, што, згодна з новым указам, пашпарты могуць перастаць выдаваць беларусам з часовым дазволам на жыхарства. Аднак, паводле былога дыплямата, варта пачакаць тлумачэньняў. Таксама ўказ абмяжоўвае выдачу даверанасьцяў на продаж маёмасьці ў Беларусі.

Якія існуюць альтэрнатывы беларускаму пашпарту

Зусім безь беларускага пашпарта пражыць за мяжой можна. У некаторых эўрапейскіх краінах для ўладальнікаў дазволаў на жыхарства існуе альтэрнатыва.

  • Жэнэўскі пашпарт

Калі чалавек падаецца на міжнародную абарону, гэта значыць атрымлівае статус уцекача, ён можа атрымаць дакумэнт, прадугледжаны Жэнэўскай канвэнцыяй. Такі дакумэнт дае міжнародную абарону і дазваляе падарожнічаць бязь дзейнага пашпарта якой-кольвек краіны, у тым ліку Беларусі.

Пачаць працэдуру атрыманьня статусу ўцекача можна, зьвярнуўшыся ў паліцыю краіны, дзе знаходзіцца эмігрант.

  • Трэвэл-пашпарт

Такі варыянт існуе ў Літве і Польшчы. Пры наяўнасьці дазволу на жыхарства, пастаяннага або часовага, можна атрымаць трэвэл-дакумэнт — своеасаблівую альтэрнатыву пашпарту, зь ім можна падарожнічаць. Трэвэл-пашпарт дзейнічае столькі ж, колькі і дазвол на жыхарства. Працэдура атрыманьня трэвэл-дакумэнтаў адрозьніваецца ў розных краінах. У Літве гэта можа займаць некалькі тыдняў. У Польшчы беларусаў вызвалілі ад аплаты за дакумэнт.

Трэвэл-пашпарты выдаюць тыя ж органы, якія займаюцца выдачай дазволаў на жыхарства. Варта памятаць, што трэвэл-пашпарт не прыраўноўваецца да пашпарта грамадзяніна, ён дазваляе толькі перамяшчацца за межы краіны, якая яго выдала.

  • «Пашпарт новай Беларусі» — пад пытаньнем

Нядаўна беларускія дэмакратычныя сілы прэзэнтавалі праект так званага пашпарта «новай Беларусі» — альтэрнатыўнага афіцыйнаму беларускаму пашпарту дакумэнта. Пакуль гэта толькі ідэя: як ён будзе дзейнічаць і ці зможа замяніць беларускі пашпарт, незразумела. Па словах юрыстаў, асноўная праблема «пашпарта новай Беларусі» — міжнароднае прызнаньне. Дакумэнт мусіць атрымаць міжнародны код, безь яго ім немагчыма будзе карыстацца на межах краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG