Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьмяніў парадак выдачы беларусам дакумэнтаў за мяжой. Што сказалі ў консульствах?

абноўлена

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь

Ранкам 5 верасьня інтэрнэт скаланула інфармацыя пра тое, што беларускія дыпляматычныя місіі ня будуць выдаваць пашпарты беларусам, якія жывуць за мяжой. Гэта будуць рабіць органы ўнутраных спраў, а ў некаторых выпадках, зь біямэтрычнымі дакумэнтамі, яшчэ і МЗС. Свабода патэлефанавала ў консульствы.

Пра зьмены кажа новы ўказ Лукашэнкі № 278 ад 4 верасьня «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў». Пазьней дакумэнт уключылі ў рэестар на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумэнт уносіць зьмены ў Палажэньне аб дакумэнтах, якія сьведчаць асобу, зацьверджанае ўказам № 294 ад 3 чэрвеня 2008 году. У адпаведнасьці зь імі выдача і абмен пашпарта грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца на консульскім уліку, ажыцьцяўляецца органам унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі. Выключана норма аб тым, што МЗС праводзіць выдачу і абмен пашпарта грамадзяніну, які выехаў з краіны для часовага знаходжаньня і заявіў аб сваім жаданьні аформіць дазвол на пастаяннае пражываньне за межамі Беларусі.

Таксама з Палажэньня выключаны пункт аб праве дыпляматычнага прадстаўніцтва або консульскай установы падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта тых, хто знаходзіцца за мяжой.

Пры гэтым консул можа разглядаць пытаньні наконт выдачы грамадзянам Беларусі, асобам без грамадзянства і замежным грамадзянам, якім прадастаўлены статус уцекача, дадатковай абароны і прытулку на тэрыторыі Беларусі. Таксама ён можа выдаваць асобам без грамадзянства дазвол на вяртаньне ў Беларусь.

Таксама консул мае права вымаць дакумэнты, якія сьведчаць асобу, і дакумэнты для выезду і ўезду ў Рэспубліку Беларусь.

У новай рэдакцыі прапісана, што выдача ідэнтыфікацыйнай карты першы раз грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь, ажыцьцяўляецца Міністэрствам замежных спраў, а не дыпляматычным прадстаўніцтвам або консульскай установай па месцы пастаноўкі на консульскі ўлік.

Абменьваць ідэнтыфікацыйную карту і выдаваць яе ў выпадку страты грамадзянам, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, будуць органы ўнутраных спраў або МЗС. А выдача і абмен біямэтрычнага пашпарта грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі краіны, — прэрагатыва органаў унутраных спраў або Міністэрства замежных спраў.

Раней выдачу і абмен біямэтрычнага пашпарта ў такім выпадку магло рабіць дыпляматычнае прадстаўніцтва або консульскія ўстановы.

Зьмяненьні тычацца і іншых дакумэнтаў. Угоды, зьвязаныя з продажам маёмасьці, цяпер можна будзе заключаць толькі пры асабістым звароце ўласьніка (зацікаўленай асобы) або на падставе даверанасьці, аформленай у Беларусі. Гэта ж тычыцца выдачы дублікатаў дакумэнтаў аб адукацыі, апэрацый зь сямейным капіталам, рэгістрацыяй аўтамабіляў і зямельных участкаў і іншага.

Консульствы: чакаем тлумачэньняў і афіцыйнага апублікаваньня

Свабода зьвярнулася ў консульствы суседніх зь Беларусьсю краін, каб высьветліць, што адбываецца. У консульстве Беларусі ў Латвіі нам адказалі, што як выдавалі, так і выдаюць суайчыньнікам дакумэнты: пра новы ўказ там яшчэ ня ў курсе, таму і пракамэнтаваць яго пакуль не гатовыя.

У консульстве Беларусі ў Літве Свабодзе пацьвердзілі, што ўказ бачылі. Пры гэтым там паведамілі, што пакуль ня могуць сказаць пра яго нічога канкрэтнага. Там толькі пабачылі тэкст указу і чакаюць да яго тлумачэньняў.

Як толькі тлумачэньні зьявяцца, беларускае консульства ў Літве абяцае разьмясьціць інфармацыю на сваім сайце і ў фэйсбуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG