Як паведамляе выданьне «Гомель штодзень», раней у Ірыны Макавецкай, якая зьехала зь Беларусі ў Нямеччыну ў 2005 годзе, падобных праблем не было. Яна рабіла пашпарты і сабе, і дзецям. Больш за тое, новы пашпарт журналістцы зрабілі і нават прызначылі дату, калі можна было яго забраць. 11 ліпеня Ірына Макавецкая мусіла забраць пашпарт і нават выехала па яго ў Бэрлін.
«На 11 ліпеня мы дамовіліся з амбасадай, што я пад’еду і забяру пашпарт, — кажа Макавецкая. — Мне прызначылі сустрэчу на 15:45. У той дзень было сьпякотна, і мы выехалі зь дзецьмі загадзя, каб праехаць да гарачыні. Нам ехаць ад дома да Бэрліну 575 км. Мы праехалі 420 км, то бок былі ўжо недалёка ад Бэрліну, калі мне пазванілі з амбасады і сказалі, што ня змогуць аддаць пашпарт.
Яны патлумачылі гэта тым, што перад тым як аддаваць пашпарты, тэлефануюць у МУС з пытаньнем, ці можна выдаць пэўнаму грамадзяніну дакумэнт».
Паводле Ірыны Макавецкай, праз пэўны час ёй паведамілі ў амбасадзе, што атрымаць пашпарт яна можа толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прычыну гэтага не патлумачылі.
Апошнім часам зафікасаваныя некалькі выпадкаў, калі беларусаў, якія вяртаюцца на радзіму з-за мяжы, затрымліваюць і судзяць паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў.
Ірына Макавецкая — незалежная журналістка, у мінулым карэспандэнтка «Белорусской деловой газеты». Увосень 2002 году гомельскі суд часткова задаволіў патрабаваньні сьледчага ў асабліва важных справах пракуратуры Беларусі Вячаслава Цераховіча да карэспандэнткі «Белорусской деловой газеты» Ірыны Макавецкай і выдаўца «БДГ», пастанавіўшы, што журналістка павінна будзе выплаціць Цераховічу 300 тысяч рублёў, а выдавец «БДГ» — 800 тысяч рублёў.
Сьледчы Вячаслаў Цераховіч узначальваў групу, якая дасьледавала крымінальную справу прафэсара Гомельскага ўнівэрсытэту Юрыя Бандажэўскага, які быў прызнаны палітвязьнем. Цераховіч сьцьвярджаў, што публікацыяй Ірыны Макавецкай «Белорусская деловая газета» нібыта распаўсюдзіла непраўдзівыя зьвесткі пра хаду сьледзтва, і патрабаваў абараніць свой гонар і дзелавую рэпутацыю.
Ірыне Макавецкай пагражалі праз тэлефон, міліцыя выявіла тэлефоннага хулігана (ім аказаўся рэдактар аддзелу дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Гомель»), аднак нічога не зрабіла. Маёмасьць журналісткі апісалі. Пазьней яна была вымушаная пакінуць Беларусь.