Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы ў пашпарта «Новай Беларусі». Разьбіраемся зь юрысткай


Старонкі макету пашпарта «Новай Беларусі»
Старонкі макету пашпарта «Новай Беларусі»

Аб’яднаны пераходны кабінэт прадставіў макет пашпарта «Новай Беларусі». Глядзім, ці зможа ён замяніць сіні пашпарт, які выдаюць афіцыйныя ўлады.

6 жніўня прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па міжнародных справах Валер Кавалеўскі паказаў, як будзе выглядаць пашпарт — альтэрнатыва беларускаму пашпарту, які выдае дзяржава.

Паводле стваральнікаў, найперш дакумэнт мае дапамагчы тым, у каго скончыўся тэрмін дзеяньня беларускага пашпарта. Гэты дакумэнт мусіць пацьвярджаць беларускае грамадзянства. Таксама, па задуме, зь ім можна будзе падарожнічаць. Аднак ён ня стане альтэрнатывай дазволу на пражываньне ў той ці іншай краіне.

Па плянах, сьпярша пашпарт пачне дзейнічаць у межах Шэнгенскай зоны ЭЗ, а далей тэрыторыя яго выкарыстаньня будзе пашырацца.

У пашпарце будзе герб «Пагоня» і гімн БНР. На старонках — архітэктурныя помнікі і помнікі культуры: Магілёўская ратуша, Каралеўскі замак у Горадні. Дакумэнт будзе мець дзьве мовы: беларускую і ангельскую.

Заяўкі на атрыманьне пашпарта абяцае прымаць Аб’яднаны пераходны кабінэт, выдаваць пашпарты будзе сетка пашпартных цэнтраў і, магчыма, выязныя мабільныя цэнтры. Пры гэтым тэрміны, калі пашпарты ўжо можна будзе атрымаць, не называюцца.

Ці прызнаюць пашпарт?

Паводле юрысткі-міжнародніцы Кацярыны Дзяйкáлы, асноўная праблема цяпер у тым, каб нейкая краіна выдала пад гэты пашпарт новы адмысловы код, які абавязкова павінен быць у такога дакумэнту.

«У нас унікальная сытуацыя. Беларуская дзяржава існуе, яна прызнаная, і прызнаюцца дакумэнты гэтай дзяржавы. Прызнаюцца пашпарты і натарыяльныя дакумэнты. Праблема ў тым, што пашпарты кожнай краіны маюць адмысловы код. Адпаведна, ня могуць быць два аднолькавыя коды для розных пашпартоў. Такі код можа даць іншая краіна, але гэта вялікае палітычнае пытаньне. Калі нейкая краіна дае свой код, то гэта будуць нейкія дзеяньні ў адказ ад беларускіх уладаў, і ня ўсе на гэта гатовыя. Калі гэты пашпарт прызнаюць як праязны дакумэнт на ўзроўні ЭЗ — гэта будзе добры вынік, але я ня ўпэўненая ў такім выніку», — кажа Кацярына Дзяйкала.

Юрыстка прыгадвае, што ў падобнай сытуацыі калісьці апынуліся прадстаўнікі «белага руху» пасьля рэвалюцыі ў Расеі. Яны эмігравалі, а дзяржава, якая выдала ім пашпарты, перастала існаваць: замест царскай, а потым дэмакратычнай Расеі ўзьнікла савецкая. Тады ім выдавалі «пашпарт Нансэна» пад эгідай Лігі Нацый. Ён працаваў якраз як трэвэл-дакумэнт, і яго прызналі больш за 50 краін.

«Усё адно для таго, каб афармляць нейкія дакумэнты ў Беларусі, гэты пашпарт відавочна не дапаможа. Кабінэт на сваім сайце піша, што гэта праязны дакумэнт, і яны самі ставяць пытаньне яго прызнаньня. То бок краінам прадставяць гэты праект з прапановай разгледзець пытаньне аб прызнаньні. Ніхто не гарантуе гэтага прызнаньня», — тлумачыць Кацярына Дзяйкала.

Кацярына Дзяйкала, юрыстка-міжнародніца
Кацярына Дзяйкала, юрыстка-міжнародніца

Праблемы з пашпартамі насьпяваюць

Для беларусаў эміграцыі замена пашпарта — няпростая праблема. Па-першае, у консульствах вялікія чэргі, па-другое, людзям часта проста адмаўляюць у такой магчымасьці.

«Былі выпадкі, калі людзям адмаўлялі ў прыёме з надуманых прычын. Час ідзе, а пашпарты ў людзей канчаюцца. Таксама беларускія ўлады грозяцца пазбаўляць грамадзянства актывістаў. Канечне, беларусы за мяжой маюць патрэбу ў дадатковай абароне. Дзяржава ў нас ёсьць, але яна не выконвае свае функцыі. Часам чалавек проста ня можа памяняць пашпарт», — кажа юрыстка.

Ці ёсьць альтэрнатыва

Цяпер беларус можа атрымаць трэвэл-дакумэнт, калі мае дазвол на жыхарства ў Літве. Падобны дакумэнт існуе таксама ў Польшчы. Апроч таго, ёсьць мэханізм міжнароднай абароны, гэта калі чалавек атрымлівае статус уцекача і дакумэнт.

«Калі пашпарт будзе і ён будзе шырока прызнаны, то гэта палегчыць жыцьцё беларусам. Калі не — то можна шукаць альтэрнатыўныя шляхі. Напрыклад, нейкія гарантыйныя дакумэнты ад нейкай арганізацыі, на падставе якіх бы прымаліся дакумэнты на дазвол на жыхарства і бяз пашпарта», — кажа Кацярына Дзяйкала.

З нагоды зьяўленьня макету пашпарта плятформа «Голас» запусьціла апытаньне, каб колькасна ацаніць патрэбу ў такіх дакумэнтах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG