У Болагаўскім раёне Цьвярской вобласьці ўвечары ў сераду разьбіўся прыватны самалёт Embraer, на борце якога, як сьцьвярджае Расавіяцыя, быў кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын.
На месцы крушэньня знойдзены 10 целаў. Агенцтва «Інтэрфакс» заявіла аб завяршэньні пошукава-выратавальнай апэрацыі. Целы вывезьлі ў морг. Не паведамлялася аб тым, што якое-небудзь зь іх апазналі.
Акрамя Прыгожына, у сьпісе пасажыраў таксама былі Дзьмітрый Уткін (пазыўны «Вагнэр») — адзін з камандзіраў ПВК. У сьпісе таксама Сяргей Прапусьцін, Яўгеній Маркар’ян, Аляксандар Тотмін, Валерый Чакалаў, Нікалай Матусееў і тры члены экіпажу.
Сьвежыя навіны і аналіз падзей расказвае тэлеканал «Настоящее время».
Валерый Чакалаў, мяркуючы па ўсім, адзін з кіраўнікоў структур Прыгожына, вядомы як «Ровэр». У прыватнасьці ён быў уладальнікам зьвязанай з Прыгожыным кампаніі, якая прэтэндавала на кантракты на здабычу газу і нафты ў Сырыі ў 2016-2017 гадах. У ліпені 2023 году ён з-за меркаваных сувязяў з Прыгожыным быў унесены ў санкцыйныя сьпісы ЗША. У СМІ яго называлі чалавекам, які адказваў за тылавую лягістыку ПВК «Вагнэр».
Маркар’ян, Тотмін і Прапусьцін, як зьвярнула ўвагу «База», знаходзяцца ў базе дадзеных украінскага праекту «Міратворац» як асобы, зьвязаныя з ПВК «Вагнэр».
Сяргей Прапусьцін, як вынікае з адкрытых крыніц, быў выведнікам-гранатамётчыкам у шэрагах ПВК «Вагнэр». Яўген Маркар’ян таксама быў наймітам ПВК «Вагнэр», ваяваў у Сырыі. Аляксандар Тотмін — ураджэнец Алтайскага краю, па дадзеных «Міратворца», ён у якасьці найміта ПВК нейкі час працаваў у Судане. Пра Матусеева інфармацыю ў адкрытых крыніцах знайсьці не ўдалося.
Самалётам кіравалі камандзір Аляксей Леўшын і другі пілёт Рустам Карымаў. На борце была таксама бортправадніца Крысьціна Распопава.
На самалёце, які разьбіўся, Прыгожын у канцы чэрвеня прылятаў у Беларусь пасьля мяцяжу ПВК.
Што будзе з наймітамі кампаніі, якія знаходзяцца ў Беларусі, пакуль невядома.
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.