Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ходзіць міліцыя, шлюць позвы, пагражаюць падатковай. Як улады працягваюць змагацца з «дармаедамі»


"Дармаедзкі пратэст" у Горадні, сакавік 2015 году
"Дармаедзкі пратэст" у Горадні, сакавік 2015 году

Беларускія ўлады ўжо 10 гадоў вядуць барацьбу з «сацыяльным утрыманствам». Спачатку гэта быў так званы «дармаедзкі падатак», цяпер — падвышаная аплата камунальных паслуг і пагрозы ад міліцыі.

Беларускія ўлады пачалі барацьбу з «дармаедамі» 10 гадоў таму, калі Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб сацыяльным утрыманстве». За гэтыя гады дэкрэт трансфармаваўся, улады прынялі шэраг новых прававых актаў. У выніку становішча людзей, якія ня маюць сталага афіцыйнага месца працы, пагаршаецца з году ў год. Выслухалі тры гісторыі.

Зрабілі «экстрэмістам», затым — «дармаедам»

Жыхар аднаго з абласных цэнтраў Беларусі Ўладзімер (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) днямі атрымаў паперу ад участковага міліцыянта. Дакумэнт называўся «Паведамленьне пра яўку ва ўпраўленьне занятасьці насельніцтва». Там гаварылася, што на працягу 5 дзён Уладзімер мусіць зьявіцца ва ўпраўленьне занятасьці.

«Дакумэнт, калі гэтую паперку можна так назваць, зьмяшчаў і пагрозы. „Калі вы ня зьявіцеся без паважнай прычыны, інфармацыя будзе накіраваная ў інспэкцыю па падатках і зборах“. Улады зрабілі мяне спачатку „экстрэмістам“, потым — беспрацоўным, цяпер што — бяздомным хочуць зрабіць? Бо з чаго я мушу плаціць камунальныя ў пяць разоў большыя, чым у „звычайных“ людзей?» — абураецца Ўладзімер.

Да 2023 году ён працаваў у недзяржаўнай грамадзкай арганізацыі, накіраванай у тым ліку на патрыятычнае выхаваньне моладзі. З 2021 году беларускія ўлады праводзяць палітыку зьнішчэньня арганізацый «трэцяга сэктару» . НДА, у якой працаваў Уладзімер, па рашэньні суду таксама была ліквідаваная.

«Да 2023 году мы былі „нармальнымі“ — пра нас пісалі газэты, нас запрашалі на тэлебачаньне, дый рабілі мы, я лічу, карысную для краіны справу. І рэзка ў 2023-м сталі не даспадобы», — узгадвае суразмоўца.

У 2022 годзе да яго прыйшлі з вобшукам. Кажа, што перарылі хату, перагледзелі ўсе носьбіты інфармацыі, тэлефон, але нічога не знайшлі. «Тым ня менш невядома адкуль у мяне раптам зьявілася падпіска на „экстрэмісцкі рэсурс“, хоць я дакладна памятаю, што я не падпісваўся, і я загрымеў на 15 сутак», — расказвае Ўладзімер.

"Антыдармаедзкі пратэст" у Берасьці, сакавік 2017 году
"Антыдармаедзкі пратэст" у Берасьці, сакавік 2017 году

Пасьля арышту ў яго пачаліся праблемы з працаўладкаваньнем. Кажа, куды б ні зьвяртаўся па вакансіях, нават на самыя некваліфікаваныя працы, зь ім не хацелі нават размаўляць, бо ён сядзеў за «экстрэмізм». «Фактычна я атрымаў „воўчы білет“ на роўным месцы», — кажа Ўладзімер.

Ён зазначыў, што такіх людзей, паводле яго назіраньняў, у горадзе шмат. Кажа, што цяпер не глядзяць ні на былыя заслугі, ні на досьвед, ні на дыплём. «Знаёмы мае 30 гадоў стажу на чыгунцы, але нікога гэта не спыніла ад звальненьня, і цяпер ужо працы ён ня можа знайсьці больш за год», — дадаў Уладзімер.

Суразмоўца ўпэўнены, што і візыт у службу занятасьці яму не дапаможа, бо ўжо ня раз там бываў, яму нават выпісвалі накіраваньні на працу.

«Але пасьля праверак мне адмаўлялі адразу, без тлумачэньня прычынаў», — падсумаваў Уладзімер. Ён кажа, што хацеў бы зьехаць зь Беларусі, але пакуль ня можа зрабіць візу.

Праца без кваліфікацыі — толькі склады і дастаўка

Ксенія (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) нядаўна атрымала з раённай адміністрацыі «ліст шчасьця»: яе прызналі «незанятай у эканоміцы». Дзяўчыне 22 гады. Ксенія кажа, што ў абласным цэнтры, дзе яна жыве, нармальнай працы не знайсьці. Суразмоўца вывучылася на цырульніцу і была ўпэўненая, што лёгка знойдзе сабе працу. Але працаўладкоўваць маладую спэцыялістку бяз досьведу не захацелі. Дзяўчына расла ў райцэнтры, там засталіся яе бацькі. У абласным цэнтры яна мае ўласную кватэру — як спадчыну ад бабулі.

«Я была задаволеная, што магу самастойна жыць у вялікім горадзе, не плаціць за арэнду кватэры, бо арэнда надта высокая. Маю сваю кватэру, хай і аднапакаёвую, хай і ня ў цэнтры гораду. Але цяпер я расчараваная, што не знайшла нармальнай працы. Зараз буду плаціць не 30 рублёў за камунальныя, а, напэўна, 130 ці нават больш», — кажа Ксенія.

Яна дадае, што старалася знайсьці працу, адгукалася на кожную вакансію. «Але калі ў абвестцы абяцаюць 1500 рублёў, то па факце гэта можа быць 500–600», — удакладніла суразмоўца.

Паводле яе назіраньняў, найлепшая ў горадзе нізкакваліфікаваная праца, з заробкам 2–3 тысячы, — на складзе Wildberries (расейскі маркетплэйс. — РС). «Але апошнія вакансіі там датаваныя 2023 годам, з таго часу я ня бачыла там вакансій. Зразумела — на такія грошы ўсе адразу рынуліся туды», — камэнтуе дзяўчына.

Яшчэ адно месца, куды можна ўладкавацца, — дастаўка. «Але там хутчэй трэба мець правы кіроўцы, я ня маю. На ровары ў мароз катацца ня будзеш», — канстатуе Ксенія.

Яна дадае, што сярод абвестак на вакансіі не сустракала нават вартаўніка ці дворніка. Выключэньне — прапановы працы на на частку стаўкі альбо за 400 рублёў у месяц.

Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. Менавіта ёй прыпісваюць ідэю "дармаедзкага" Дэкрэта №3
Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. Менавіта ёй прыпісваюць ідэю "дармаедзкага" Дэкрэта №3

Дзяўчына дадала, што магла б вярнуцца жыць да бацькоў, але ўсё адно давядзецца плаціць у горадзе высокія камунальныя. «У райцэнтры ў бацькоў з працай наогул вельмі сумна ўсё», — падсумавала яна.

Ксенія лічыць, што служба занятасьці ці Камісія па садзейнічаньні працаўладкаваньню, куды яе запрасілі, нічым ёй не дапамогуць. «Яны могуць прапанаваць вакансіі, але гэта проста пыл у вочы. Будуць абяцаць тысячу рублёў, па выніку выйдзе 500 ці нават менш», — дадала Ксенія.

«Дармаед» са стажам

Сяргей (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) стаў «дармаедам», па вэрсіі ўладаў, яшчэ 5 гадоў таму. Тады Сяргей жыў у Беларусі. Звольнілі яго яшчэ да 2020 году. Кажа, праз канфлікт з раённымі ўладамі і актыўную грамадзянскую пазыцыю (ён жыў у невялікім райцэнтры. — РС). Пакуль быў у Беларусі, спрабаваў абскардзіць трапляньне ў сьпіс «дармаедаў», пісаў скаргі ў розныя інстанцыі. Даводзіў, што хоча працаваць і згодны на любую вакансію, а служба занятасьці нічога яму не прапаноўвае.

Пазьней Сяргей зьехаў на працу за мяжу. За гэтыя гады ён атрымаў грамадзянства іншай краіны. Але езьдзіць у Беларусь — гэта яго Радзіма, там ягоныя блізкія і кватэра. Сяргей кажа, што пры наведваньні Беларусі працягвае «ваяваць» з уладамі. Дамагаецца, каб яго выключылі са сьпісу «дармаедаў» або далі яму працу ў Беларусі.

Сяргей зьвяртае ўвагу, што Камісія садзейнічаньня працаўладкаваньню пры выканкаме мае дзьве функцыі — паведамляць грамадзянам, што іх уключылі ў сьпіс «дармаедаў», і дапамагаць людзям знайсьці працу.

«У маім выпадку мне нават не паведамілі, што я ўключаны ў сьпіс, проста налічылі камунальныя ў 5 разоў вышэйшыя, чым у іншых, і ўсё на гэтым. Я ім пішу звароты — дайце працу, я хачу працаваць. Мяне проста ігнаруюць», — тлумачыць Сяргей.

Аднойчы, калі Сяргей наведваў блізкіх у Беларусі, яго затрымала міліцыя — за падпіску на «экстрэмісцкі рэсурс». Сяргей атрымаў некалькі сутак арышту.

«У раённую камісію па садзейнічаньні працаўладкаваньню я прадставіў шэраг дакумэнтаў: копію майго замежнага пашпарта, тое, што я рэзыдэнт іншай краіны, што я там маю працу. На падставе гэтага я прасіў пералічыць мне камунальныя паслугі. У адказ атрымаў адпіску. Яны нават ня сталі камэнтаваць, што я грамадзянін іншай краіны. Можа, баяліся нават пісаць яе назву», — сьмяецца Сяргей.

Ён зьбіраўся падаць скаргу ў суд на Камісію па працаўладкаваньні, бо лічыць, што мае рацыю — не адмаўляецца ад працы, згодны на прадстаўленыя вакансіі, мае шэраг дакумэнтаў аб працаўладкаваньні ў іншай краіне.

"Антыдармаедзкі пратэст" у Магілёве, 2017 год
"Антыдармаедзкі пратэст" у Магілёве, 2017 год

«І хай бы суд прапісаў — чаму мне не даюць працу ў Беларусі. Хай бы суд напісаў, што я беспрацоўны, бо сядзеў на «сутках» і цяпер мяне нікуды ня возьмуць. Я згодны працаваць на дабро Беларусі — але працы мне 100% ніхто ня дасьць, бо цяпер пры ўладкаваньні на працу запаўняюць адмысловыя анкеты. Там чалавек мусіць пазначыць, ці мае ён сваякоў за мяжой, іншае рознае. Я ўвогуле маю пашпарт іншай дзяржавы — гэта адно, ды яшчэ і «экстрэміст», — зазначыў Сяргей.

Ён прызнаўся, што на сёньняшні дзень вагаецца падаваць скаргу ў суд, каб не было яшчэ горш і каб ягоных блізкіх пакінулі ў спакоі.

2017 год і масавыя пратэсты

Гісторыя барацьбы беларускай улады з «дармаедамі» пачалася 10 гадоў таму. 10 красавіка 2015 году Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Гэты прававы акт фактычна ўвёў такое паняцьце, як «падатак на дармаедзтва». Дэкрэт запрацаваў у 2017 годзе. Беларусы, якія ня былі занятыя ў эканоміцы, мусілі сплаціць падатак. За год — каля 360 рублёў (каля 180 эўра па тагачасным курсе).

З 470 тысяч тых, хто мусіў сплаціць такі падатак, зрабілі гэта толькі крыху больш за 11%. Па ўсёй Беларусі пракацілася хваля масавых пратэстаў, якая ахапіла як буйныя гарады, так і рэгіёны. Дэкрэт ударыў найперш па людзях у рэгіёнах, якія апынуліся ў бядзе. Атрымалася, што ўлады ня толькі не дапамагаюць беспрацоўным, а яшчэ прымушаюць іх плаціць штраф. У сакавіку Лукашэнка прыпыніў дзеяньне дэкрэту.

У 2018 годзе Лукашэнка прымае новы дэкрэт — «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». Падатак на «дармаедзтва» ў памеры 20 базавых велічынь пераўтварыўся ў «пакрыцьцё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на паслугі, якія субсыдуюцца дзяржавай, з боку не занятых у эканоміцы асоб».

У 2019 годзе ўлады ўдакладнілі, што цяпер «незанятыя ў эканоміцы» будуць цалкам аплачваць гарачую ваду. У 2021 для «дармаедаў» увялі поўную плату за газ і ацяпленьне.

У 2024 годзе ўлады пашырылі сьпіс тых, каго могуць палічыць «не занятым у эканоміцы». Цяпер, каб ня трапіць у базу, недастаткова проста мець статус індывідуальнага прадпрымальніка і плаціць падаткі. Беларускі, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў ці маюць трох і больш непаўналетніх дзяцей, не павінны выяжджаць за мяжу больш як на 30 дзён за квартал, калі гэта не лячэньне. Поўны кошт камунальных паслуг аплачваюць толькі ўласьнікі і арандатары жытла.

У 2025 годзе ў Беларусі прынялі чарговыя зьмены ў закон аб занятасьці насельніцтва. Тым, хто прэтэндуе на дапамогу ад цэнтру занятасьці насельніцтва, цяпер трэба знаходзіцца «ня менш за пяць гадоў да рэгістрацыі беспрацоўнымі ў працоўных адносінах».

У 2024 годзе дапамога па беспрацоўі складала 80 рублёў. Але некаторым катэгорыям, напрыклад тым, якія выхоўваюць дзяцей, даюць прыбаўку ў памеры 10%. У 2025 годзе ўлады зьбіраюцца ўвесьці фіксаваны памер дапамогі па беспрацоўі. Яго мае вызначыць урад.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG