— Як сёньня ў Беларусі распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю?
— У савецкія часы мы друкавалі тэксты на машынцы і з рук у рукі раздавалі сябрам (прачытаў — перадай далей). Клеілі інфармацыю на сьценах ці разносілі ў паштовыя скрыні. Сёньня гэта нашмат больш небясьпечна, бо пад’езды замыкаюць, паўсюль відэакамэры і ціхароў стала шматкроць болей.
Зь іншага боку, тады можна было слухаць радыё з-за мяжы, а сёньня за мяжой апынулася ўся беларуская журналістыка, якую можна абачліва чытаць-глядзець праз інтэрнэт або спадарожнік.
— Як атрымалася, што сапраўдных патрыётаў абвяшчаюць здраднікамі Радзімы?
— Гэта расейская традыцыя, уласьцівая для ўсіх дэспатычных рэжымаў: называць белае чорным. Патрыятызм блытаюць зь мілітарызмам, а Радзіму — з рэжымам, які ўтрымлівае ўладу. Патрыятычнае выхаваньне абмяжоўваецца разборкай аўтамата Калашнікава, каб падкрэсьліць абсурднасьць сьвету, у якім няма і ня можа быць прынцыпаў, дабра, любові. Усіх, хто з гэтым ня згодны, садзяць за краты ці выганяюць з краіны.
Важна разумець, што гэта расейская палітыка, беларускага дэспатызму і абсурду (па-беларуску) ніколі не было, няма і ня можа быць у прыродзе.
— Ад чаго скандалы ў беларускай апазыцыі?
— Ад комплексу непаўнавартасьці. Чалавек, які з павагай ставіцца да ўласнай кампэтэнцыі, паважае і кампэтэнцыю іншага. Той жа, хто ня мае навыку паважаць самога сябе, скандаліць, бо гэта для яго магчымасьць сатысфакцыі троечніка перад выдатнікам. У выніку, як ні старайся, выходзіць нуль.
Мне гэтыя скандалы нагадваюць сюжэт, пра які згадваюць нашы археолягі. Прыехалі на месца, пачалі раскоп, і абавязкова зьяўляецца мясцовы мужычок, які пастаіць побач, паназірае і пасьля заўважыць: «Ня там капаеце!»
— Ці сапраўды, як кажуць прапагандысты, «Пагоня» і бела-чырвона-белы сьцяг могуць кагосьці абражаць?
— Цяперашняя афіцыйная сымболіка — гэта пэрсанальныя герб і сьцяг Лукашэнкі, бо пад імі прэзыдэнтам можа быць толькі ён. І яны могуць лунаць толькі над ім.
Нацыянальныя сымбалі належаць усёй нацыі і пад імі прэзыдэнтам можа (і мусіць) быць іншы чалавек. Таму рэч тут не ў абразе, а ў зьмяняльнасьці кіраўніка краіны. Сама думка пра гэта палохае тых, хто зьвязаў сваё жыцьцё і дабрабыт з адным пэрсанажам, паклаў, так бы мовіць, усе свае яйкі ў адзін кошык.
— Беларусы сёньня пасьпяваюць ня толькі пісаць свае творы, але перакладаюць замежныя. Які ваш топ перакладзеных кніг?
— Топы мы будзем складаць тады, калі ў краіне зьявіцца/адновіцца кніжны рынак. Сёньня перакладчыкі працуюць як падзьвіжнікі, а кожная новая кніга — падзея, пра якую распавядаюць Радыё Свабода і іншыя СМІ. Якасьць перакладаў паднятая на максымальны ровень, бо ў выгнаньні кепскі пераклад успрымаўся б як мавэтон. Таму перакладаюць ня толькі новыя кнігі, а і тыя, што перакладаліся раней, але няўдала ці праз расейскую мову. Сачыце за ПЭНаўскай прэміяй для перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана.
— Чаму ў праекце нацыянальнага пашпарту Беларусі гімн БНР, а не, напрыклад, «Пагоня»?
— Пра гімн спрачаюцца даўно і песень-прэтэндэнтак некалькі. Але стваральнікі пашпарту не маглі кіравацца ўласнымі ўпадабаньнямі, а мусілі выбіраць дакумэнтальна зафіксаваны ў такой якасьці твор — гімн найбольш беларускага ў гісторыі дзяржаўнага ўтварэньня, БНР. Па-другое, ён і пісаўся як гімн, то бок з улікам усіх функцыянальных патрэбаў. Нарэшце, літаральна кожны радок гэтага гімну (перачытайце) увасобіўся ў жыцьцё на мірных маршах 2020 году, калі беларусы ўбачылі і адчулі сябе нацыяй.
— Многія беларусы ўжо тры гады жывуць у выгнаньні, канца не відаць. Што рабіць? Людзі пачынаюць расчароўвацца...
— Бо жывуць у рэжыме адкладзенага жыцьця. Але ўжо ясна, што ранейшая рэальнасьць ня вернецца ніколі. Яна будзе такой, якую людзі зробяць самі.
Будаваньне дэмакратычнай рэальнасьці звычайна пачынаецца са стварэньня/аднаўленьня партый (не квазіструктур). Будуць партыі, менш будзе нагодаў для сварак. Пасьля — канкурэнтныя выбары легітымнага парлямэнту, фармаваньне ўраду. Усё, як у людзей. Ня важна, што за мяжой. Новая рэальнасьць будзе так ці інакш уплываць на рэальнасьць у Беларусі, а ў спрыяльны момант проста перамесьціцца на радзіму.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669